У Беларусі жыве амаль 400 чалавек, якім больш за 100 гадоў. Што рабіць, каб іх дагнаць?

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Рэцэпт доўгага жыцьця — абавязкова рухацца, лічыць спэцыялісты-герантолягі.

Кіраўніца Рэспубліканскага цэнтру актыўнага даўгалецьця Людміла Жылевіч паведаміла пра вынікі абсьледаваньня жыхароў Беларусі, якія адсьвяткавалі 100-гадовы юбілей.

«І высьветлілася, што абсалютна ўсе яны мелі цягам жыцьця фізычную нагрузку», — паведаміла журналістам спадарыня Жылевіч.

Што рабіць, каб жыць доўга

  • Займацца ня менш за 150 хвілін на тыдзень хадзьбой альбо бегам. Гэта тычыцца і асобаў старога ўзросту. Але аб’ём і тэмп фізычных нагрузак трэба абавязкова вызначыць зь лекарам.
  • Размаўляць праз тэлефон трэба стоячы, а яшчэ лепш — ходзячы па пакоі.
  • Падымацца ў офіс ня ліфтам, а па лесьвіцы. Калі трэба нешта сказаць калегу, хадзіць у суседні пакой, а не карыстацца кампутарам.
  • Вярнуць ва ўжытак забытую з савецкіх часоў вытворчую гімнастыку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ядуць доўгажыхары

Паводле апошніх зьвестак, на 1 ліпеня 2018 году ў Беларусі пражывалі 396 чалавек старэйшых за 100 гадоў, у тым ліку 41 мужчына і 355 жанчын.

Паводле статыстыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, найбольш доўгажыхароў у Віцебскай вобласьці (68 чалавек), найменшая колькасьць тых, хто дасягнуў 100 гадоў, у Берасьцейскай вобласьці (49 чалавек).

Колькасьць доўгажыхароў у Беларусі паступова зьмяншаецца. Так, у 2007 годзе іх было 690, у 2010 — 570, у 2011 — 557, у 2014 — 464. Найстарэйшым беларусам сьвету да нядаўняга часу лічыўся асьветнік і навуковец Барыс Кіт. Ён памёр 1 лютага 2018 году ў Франкфурце-на-Майне на 108-м годзе жыцьця.

Паводле міжнародных крытэраў, насельніцтва лічыцца старым, калі доля людзей ва ўзросьце 65 гадоў і старэйшых складае 7% і больш. У Беларусі гэты паказьнік складае 14,9%, адзначаў летась намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандар Румак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Порцыя зеляніны кожны дзень можа запаволіць старэньне мозгу на 11 гадоў

Як Беларусь старэе

● на пачатак 2018 году ў Беларусі пражывалі 2 млн 377 тысяч чалавек, старэйшых за працаздольны ўзрост (сярод іх 696 тысяч мужчын і 1 млн 681 тысяч жанчын);

● удзельная вага пажылых людзей сярод насельніцтва Беларусі — 25,1% (у сельскай мясцовасьці — 32%, у гарадах — 23,1%.);

● на 1 тысячу мужчын, старэйшых за працаздольны ўзрост, у Беларусі прыпадае 2,4 тысячы жанчын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінпрацы паведаміла, колькі ў Беларусі стагадовых доўгажыхароў