Упершыню за 200 гадоў імпэратар Японіі адракаецца ад трона. ВІДЭА

Імпэратар Японіі Акіхіта

Імпэратар Японіі Акіхіта 30 красавіка пакідае пасад. Ён стаў першым манархам краіны, які адрокся ад трона, за больш як 200 гадоў, паведамляе CNA.

У шэрагу ўрачыстых цырымоній імпэратар Акіхіта адракаецца ад Хрызантэмавага трона на карысьць 59-гадовага насьледнага прынца Нарухіта, які пачынае 1 траўня новую імпэрскую эпоху «Рэйва», што азначае «цудоўная гармонія» (яна працягнецца ўсё праўленьне новага манарха).

Прынц Нарухіта

Абрадавы працэс пачаўся раніцай 30 красавіка. 85-гадовы імпэратар, апрануты ў шырокае залаціста-карычневае адзеньне і высокі чорны галаўны ўбор, «паведаміў» пра адрачэньне сваім продкам і багам у некалькіх «сьвяцілішчах» палаца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Імпэратар Японіі кажа, што яму цяжка быць манархам

Асноўная афіцыйная цырымонія адбудзецца а 17-й гадзіне паводле мясцовага часу (11.00 паводле менскага) у залі імпэратарскага палаца Мацу-Но-Ма («Пакой хвоі»). Рытуал будзе праводзіцца ў прысутнасьці імпэратарскіх рэгалій — старажытнага мяча і каштоўнага каменю — якія лічацца найважнейшым доказам легітымнасьці імпэратара.

У канцы цырымоніі манарх зьвернецца з пасланьнем да нацыі, пасьля чаго імпэратар і ягоная жонка Міціко будуць вызваленыя ад сваіх абавязкаў, хоць фармальна Акіхіта застанецца імпэратарам да поўначы.

Імпэратар Японіі Акіхіта з жонкай Міціко

Нарухіта ўзыдзе на пасад на наступны дзень: ён «атрымае ў спадчыну» рэгаліі на другой цырымоніі 1 траўня а 10.30, перш чым зрабіць першыя афіцыйныя публічныя заявы.

Чакаецца, што 1 траўня ў цырымоніі возьме ўдзел толькі адна жанчына — адзіная жанчына-чалец кабінэту прэм’ер-міністра Сіндза Абэ. Удзельнікам каралеўскай сямʼі забаронена ўдзельнічаць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я стаміўся, я сыходжу» — імпэратар Японіі гатовы зрачыся прастолу

Цырымоніі будуць праходзіць за зачыненымі дзьвярыма, але раніцай 30 красавіка ля Імпэратарскага палаца ў Токіё сабраўся невялікі натоўп, нягледзячы на дождж і аблокі.

85-гадовы Акіхіта стаў імпэратарам у пачатку 1989 году. Рашэньне добраахвотна адрачыся ад трона ён прыняў летам 2016 году, абгрунтаваўшы яго старым узростам і праблемамі са здароўем.

Японскі парлямэнт прыняў адмысловы закон, які дазваляе Акіхіта адрачыся ад улады без зьмяненьня агульнага парадку атрыманьня трона ў краіне — імпэратара вызваляюць ад паўнамоцтваў толькі ў выпадку сьмерці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Упершыню за 200 гадоў Японія дазволіла імпэратару зрачыся пасаду