Іншаземцам на Радуніцу спрасьцілі наведваньне могілак у памежных зонах Беларусі

У Памежным камітэце Беларусі перад сьвятам памінаньня продкаў Радуніца, якое адзначаецца 7 траўня, распавялі пра лібэралізацыю працэдуры наведваньня памежнай зоны для іншаземцаў.

Супрацоўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Іван Сяргееў 30 красавіка паведаміў журналістам, у чым прынцыповая розьніца паміж сёлетняй і ранейшай сытуацыяй:

«У Беларусі існуе даволі шмат могілак, трапіць на якія іншаземец можа толькі транзытам праз памежную зону. Раней дзеля гэтага яму трэба было падрыхтаваць тры дакумэнты, перадаць іх памежнікам і чакаць пяць дзён. Калі прымалася станоўчае рашэньне, то даводзілася ехаць за пропускам, плаціць за дазвол 0,4 базавай велічыні».

На Радуніцу ў 2019 годзе гэта больш не патрэбна. Замежніку дастаткова будзе толькі прад’явіць пашпарт, і ён атрымае пропуск у памежнікаў, якія ў гэты дзень будуць дзяжурыць на дарогах, што вядуць на могілкі праз памежную зону.

«Такое стала магчымым пасьля ўнясеньня зьмяненьняў у працэдуру атрыманьня пропуску для іншаземцаў, якія транзытам едуць праз памежную зону. Гэтыя правілы пачалі дзейнічаць з 1 студзеня 2019 году»,— сказаў Іван Сяргееў.

Паводле ягоных слоў, гэтая палёгка найперш закране жыхароў Украіны, Літвы і Польшчы.

Сяргееў падкрэсьліў, што ў выпадку парушэньня новых правілаў штраф для іншаземцаў можа скласьці да 50 базавых велічынь, пры паўторным парушэньні іншаземца могуць дэпартаваць зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе ў сьвеце адзначаюць Радаўніцу