Трамп зьбіраецца ў чэрвені сустрэцца з Пуціным

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заяўляе, што зьбіраецца сустрэцца з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным у наступным месяцы на саміце «Вялікай дваццаткі» ў Японіі.

Пра гэта паведамляе Reuters.

Прэзыдэнт ЗША сьцьвярджае, што плянуе сустрэцца з Уладзімірам Пуціным і старшынём КНР Сі Цьзіньпінам.

«Трамп заявіў, што яго сустрэча зь Сі можа быць плённай, паколькі іх гандлёвы канфлікт узмацніўся пасьля няўдачы з дамоўленасьцю на перамовах высокага ўзроўню на мінулым тыдні», — адзначае агенцтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заклікаў Кітай як найхутчэй заключыць гандлёвае пагадненьне

У той жа час прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў у камэнтары «ТАСС» сказаў, што Вашынгтон пакуль не паведаміў Маскве пра ініцыятыву правядзеньня двухбаковай сустрэчы прэзыдэнтаў Расеи і ЗША.

«Яшчэ не было ніякіх ініцыятываў з боку Вашынгтону», — заявіў Пяскоў.