Трамп падпісаў указ аб абароне амэрыканскага IT-сэктару. Найперш супраць Huawei

Раскладны тэлефон-пляншэт Huawei, ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп падпісаў распараджэньне, якое забараняе амэрыканскім кампаніям выкарыстоўваць тэлекамунікацыйнае абсталяваньне, вырабленае кампаніямі, якія ўяўляюць рызыку для нацыянальнай бясьпекі.

Распараджэньне мае спасылку на Закон аб надзвычайных эканамічных паўнамоцтвах, які дае прэзыдэнту права рэгуляваць гандаль у адказ на асаблівае становішча, якое пагражае ЗША.

У загадзе Трампа ня згадваюцца імёны канкрэтных вытворцаў. Аднак, на думку шэрагу экспэртаў, ён тычыцца найперш кітайскай кампаніі Huawei Technologies, чыё абсталяваньне, як мяркуецца, можа мець «дзіркі» ў бясьпецы, наўмысна створаныя на загад уладаў Кітаю для шпіянажу і перапраўкі інфармацыі. Huawei катэгарычна адрынае такія абвінавачваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якімі будуць смартфоны ў 2019 годзе

Сваім распараджэньнем Трамп уводзіць надзвычайную сытуацыю ў краіне і пракладае шлях для поўнай забароны дзейнасьці Huawei у дзяржаўным сэктары ЗША. Міністэрству гандлю прадпісваецца скласьці плян для забесьпячэньня выкананьня прэзыдэнцкага распараджэньня цягам 150 дзён.

Агенцтва Reuters паведамляе, што распараджэньне прэзыдэнта выпрацоўвалася ў Белым Доме больш за год.

ЗША ўжо забаранілі фэдэральным агенцтвам выкарыстоўваць прадукты Huawei і заклікалі сваіх саюзьнікаў зрабіць тое ж самае. Аўстралія і Новая Зэляндыя заблякавалі выкарыстаньне абсталяваньня Huawei у 5G (мабільных сетках наступнага пакаленьня). Японскія ўлады вырашылі забараніць дзяржзакупкі абсталяваньня кампаній Huawei і ZTE.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША афіцыйна выставілі абвінавачаньні кампаніі Huawei

У студзені фэдэральныя пракуратуры абвінавацілі два падразьдзяленьні Huawei у штаце Вашынгтон у змове з мэтай крадзяжу камэрцыйных тайнаў амэрыканскага тэлекамунікацыйнага правайдэра T-Mobile US.

Абвінавачаньні ў парушэньні санкцыйнага рэжыму з Іранам і махлярстве таксама выстаўленыя галоўнай фінансавай дырэктарцы Huawei Мэн Ваньчжоў, дачцэ заснавальніка і прэзыдэнта кампаніі. Мэн была арыштаваная ў Канадзе. ЗША дамагаюцца яе экстрадыцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Cуд ў Канадзе адпусьціў дачку заснавальніка кампаніі Huawei пад заклад памерам $ 7,5 мільёна

Распараджэньне Трампа было падпісанае ў напружаны пэрыяд у стасунках паміж Кітаем і ЗША, калі дзьве найбуйнейшыя эканомікі сьвету павялічваюць мыты на імпартныя тавары. Трамп абгрунтоўвае свае рашэньні тым, што ён называе «несумленнай гандлёвай практыкай» Кітаю.