У студэнцкім інтэрнаце ў Горадні ўвялі карантын з прычыны ўспышкі адру

Ілюстрацыйнае фота

У студэнцкім інтэрнаце № 3 Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы, што на бульвары Ленінскага Камсамолу, зафіксавалі ўспышку адру. Гэтую інфармацыю сайту hrodna.life пацьвердзілі супрацоўнікі інтэрнату.

15 мая ў горадзе была зафіксаваная ўспышка адру. Па словах галоўнага санітарнага лекара Горадні і Горадзенскага раёну Яніны Шарэнды, выяўлена ўжо пяць выпадкаў захворваньня.

У асноўным крыніцамі віруса становяцца людзі, якія прыяжджаюць з-за мяжы. Перад сэзонам адпачынкаў спэцыялісты раяць тым, хто зьбіраецца на адпачынак за мяжу, зрабіць прышчэпкі. Часьцей на адзёр хварэюць дарослыя.

Каб спыніць эпідэмію, у інтэрнаце вырашылі ўвесьці карантын і забараніць наведваньні.