Лукашэнка сёлета двойчы наведае Казахстан: да і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў  

Культура Казахстану

Пра заплянаваныя візыты Аляксандра Лукашэнкі ў Казахстан паведаміў амбасадар гэтай краіны ў Беларусі Ермухамет Ертысбаеў.

Дыплямат удакладніў, што 29 траўня ў Нур-Султане адбудзецца юбілейны саміт Эўразійскага эканамічнага саюзу, у якім возьме ўдзел і кіраўнік Беларусі.

А ў другой палове году (дакладнай даты пакуль няма) Аляксандар Лукашэнка наведае Казахстан з афіцыйным візытам. Паводле амбасадара, галоўная мэта — вывесьці адносіны паміж краінамі на прынцыпова новы ўзровень.

Па выніках 2018 году міждзяржаўны таваразварот дасягнуў амаль 1 мільярда даляраў. Ермухамет Ертысбаеў выказаў спадзяваньне, што сёлета гэты паказьнік можа нават павялічыцца.

Амбасадар таксама нагадаў, што Беларусь і Казахстан у свой час падпісалі ўнікальны дакумэнт аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве, які дзейнічае да 2026 году.

Касым-Жамарт Такаеў, наступнік Нурсултана Назарбаева

На 9 чэрвеня прызначаныя пазачарговыя выбары прэзыдэнта Казахстану — пасьля 30 гадоў на гэтай пасадзе з уласнага жаданьня спыніў паўнамоцтвы Нурсултан Назарбаеў, яго функцыі выконвае экс-старшыня Сэнату Касым-Жамарт Такаеў.