Аўтар сагі пра «Гульню тронаў»: гэта яшчэ не канец

Джордж Марцін

Стваральнік сагі «Песьня лёду і полымя» (A Song of Ice and Fire) Джордж Марцін апублікаваў у сябе ў блогу вялікі пост, прысьвечаны фіналу сэрыялу «Гульня тронаў».

У ім ён паабяцаў скончыць кніжную сагу, фінал якой будзе (а можа, і ня будзе) адрозьнівацца ад таго, што было паказана на экране.

«Людзі пытаюцца цяпер: чым усё скончыцца? Ці будзе фінал такі самы, як у сэрыяле? Або іншы? Так. І не. І так. І не. І так. І не. І так ...», - адзначыў пісьменьнік. Ён прызнаў, што шостая кніга сагі пад назвай «Вятры зімы» (The Winds of Winter) вельмі моцна спазьнілася, аднак усё ж будзе скончаная, пасьля чаго ён пачне працу над фінальным раманам «Мара пра вясну» (A Dream of Spring).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Беларусь — ідэальнае месца для наступнага сэзону «Гульні тронаў»

Марцін адзначыў, што чытачы і прыхільнікі сэрыялу змогуць самі зрабіць высновы пра тое, які канец гісторыі лічыць «рэальным», пасьля прачытаньня апошніх раманаў цыклу.

«Ня буду абяцаць, калі гэта здарыцца: такі падыход я ўжо спрабаваў, і ён не прынёс нічога, акрамя злосьці і лаянкі на маю галаву», — заявіў Марцін. Паводле яго, дзьве заключныя кнігі расьцягнуцца на 3000 старонак і ня будуць ісьці за сэрыялам, хоць бы таму, што ў іх зьявяцца героі, не паказаныя або забітыя ў шоў. «І яшчэ ў кнігах будуць аднарогі. Ну, нібыта», — адзначыў пісьменьнік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Чэхіі прывітаў ўсталяваньне міру ў Вэстэрасе з «Гульні тронаў»