Сацыял-дэмакраты выставілі ўладам 4 выбарчыя патрабаваньні. Што адказала Ярмошына?

Сьцяг БСДП

Цэнтральны Камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) выступіў з заявай, у якой адзначаецца, што партыя «для свайго паўнавартаснага ўдзелу ў выбарах» патрабуе выканаць мінімальныя ўмовы, а менавіта:

  1. Публічна агучыць юрыдычныя падставы для роспуску Нацыянальнага сходу і правядзеньня датэрміновых выбараў дэпутатаў;
  2. Правесьці галасаваньне ў адзін дзень, пры забесьпячэньні права прагаласаваць у гэты дзень усім выбарнікам на выбарчым участку па месцы іх фактычнага знаходжаньня шляхам падачы пісьмовай заявы;
  3. Абавязкова і прыярытэтна ўключыць усіх прадстаўнікоў ад палітычных партый у склад Цэнтральнай, тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых выбарчых камісій;
  4. Правесьці адкрыты, празрысты і публічны падлік галасоў пры падвядзеньні вынікаў выбараў.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына пракамэнтавала гэты дакумэнт «Свабодзе», падкрэсьліўшы, што апазыцыя спазьняецца.

«Найважнейшае — у Беларусі законам забаронена ўносіць зьмены ў выбарчае заканадаўства пазьней як за шэсьць месяцаў да пачатку выбараў. Правядзеньне выбараў у адзін дзень, то бок адмова ад датэрміновага галасаваньня — гэта пытаньне заканадаўчай нормы. А зьмяняць яе — у кампэтэнцыі дэпутатаў, а ня Цэнтравыбаркаму. Парлямэнцкія выбары пройдуць, верагодна, у сярэдзіне лістапада. Усё астатняе можна палічыць на пальцах», — сказала Лідзія Ярмошына.

Празрыстасьць падліку бюлетэняў абмяркуюць 29 траўня

Старшыня Цэнтравыбаркаму паведаміла Свабодзе, што ў ЦВК знаходзіцца зварот ад апазыцыйных палітыкаў Вольгі Кавальковай і Аляксея Сігаева. І там ёсьць прапанова пра падлік галасоў.

«Яны ўжо падалі заяву. У ёй фактычна дублюецца прапанова сацыял-дэмакратаў пра тое, што старшыня ўчастковай выбарчай камісіі павінен агалошваць кожны выбарчы бюлетэнь, за каго ён пададзены, і дэманстраваць яго ўсім прысутным на ўчастку. Кавалькова і Сігаеў просяць усталяваць падобную норму пастановаю Цэнтральнай камісіі, то бок каб гэтая норма была прапісаная ў нашых „мэтадычках“. У сераду 29 траўня мы правядзем першае пасяджэньне Цэнтральнай камісіі і абмяркуем іх заяву», — сказала Свабодзе Лідзія Ярмошына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына прапанавала выбіраць кіраўнікоў гарадоў і раёнаў. Да гэтага заклікалі дэпутаты ў 1996-м