Прыз на Канскім фэстывалі атрымаў фільм, натхнёны кнігай Алексіевіч

Расейскі рэжысэр Кантэмір Балагаў (справа), які зьняў фільм «Дылда», з акторкамі Вікторыяй Мірашнічэнкай (зьлева) і Васілісай Пералыгінай. Каны, 16 траўня 2019.

На 72-м Канскім кінафэстывалі абвясьцілі пераможцаў другога паводле значнасьці конкурсу афіцыйнай праграмы «Асаблівы погляд».

  • Галоўны прыз «Асаблівага погляду» атрымала бразыльская мэлядрама «Нябачнае жыцьцё Эўрыдыкі Гушмау» Карыма Айнуза. Гэта экранізацыя аднайменнага раману 2015 году Марты Батальі аб дзьвюх разлучаных сёстрах у Рыа-дэ-Жанэйра, дзеяньне разгортваецца ў 1950-х гадах.
  • Другі паводле значнасьці «Прыз журы» дастаўся фільму «Агонь прыйдзе» Олівэра Лашэ. Гэта першая карціна, зьнятая на галісійская мове. Галоўны герой, які атрымаў турэмны тэрмін за падпалы, вяртаецца ў родную вёску ў Галісіі. Неўзабаве пачынаецца новы пажар. Фільм зьняты на стыку гульнявога кіно і дакумэнтальнага — у самых уражлівых сцэнах зьнятыя сапраўдныя лясныя пажары.
  • Трэцюю ўзнагароду — за лепшую рэжысуру — атрымаў расіянін Кантэмір Балагаў, выпускнік рэжысэрскай майстэрні Аляксандра Сакурава ў Кабардзіна-Балкарскім дзяржаўным унівэрсытэце. за фільм пра каханьне ў пасьляблякадным Ленінградзе «Дылда». Дзеяньне пачынаецца ў 1945 годзе. Ія, якая вярнулася з фронту (Вікторыя Мірашнічэнка), высокая дзяўчына, «дылда», цярпіць ад кантузіі, працуе ў шпіталі і даглядае дзіця пакінутай на фронце сяброўкі Машы (Васіліса Пералыгіна). «Дылда» была натхнёная першай кнігай беларускай пісьменьніцы ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Сьвятланы Алексіевіч «У вайны не жаночы твар». Сцэнар 27-гадовы Балагаў напісаў сумесна зь пісьменьнікам Аляксандрам Церахавым («Каменны мост»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джармуш, Альмадовар, Лелюш. Абвешчаная праграма 72-га Канскага кінафэстывалю

Усяго для конкурсу «Асаблівы погляд» было адабрана 18 карцін. Журы «Асаблівага погляду» узначальвала рэжысёр зь Лібану Надзін Лабакі. Разам зь ёй праграму судзілі рэжысэры Лукас Донт і Лісандра Алёнса, а таксама акторка Марына Фуа і прадусар Нархан Шэкерджы-Порст.