У Беларусі штодня каля 40 чалавек паміраюць ад хваробаў, зьвязаных з курэньнем

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі штодня каля 40 чалавек паміраюць ад хваробаў, зьвязаных з курэньнем, паведаміў каардынатар праграмаў Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) у Беларусі Валянцін Русовіч, паведамляе БЕЛТА.

«Паводле ацэнак СААЗ, у Беларусі з 300 сьмерцяў ад розных захворваньняў, якія рэгіструюцца штодня, 14% наступае ў выніку спажываньня тытуню, гэта значыць каля 40 чалавек у дзень гінуць ад захворваньняў, зьвязаных з курэньнем», — сказаў Валянцін Русовіч.

На першым месцы па сьмяротнасьці знаходзяцца сардэчна-судзінныя захворваньні, у прыватнасьці інфаркты, інсульты. На другім сярод захворваньняў, зьвязаных з курэньнем, — анкалягічныя, на трэцім — хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх, эмфізэма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Палаце прадстаўнікоў выступілі супраць «Табакерак», стварэньне якіх ухваліў Лукашэнка

Тры-чатыры сьмерці з 40 спалучаныя з пасіўным паленьнем. Гэта тычыцца тых, хто ўвесь час знаходзіцца побач з курцом або ў сувязі з прафэсійнай дзейнасьцю вымушаныя знаходзіцца ў пракураным памяшканьні.

Згодна з дасьледаваньнем STEPS, 48% мужчын і жанчын — 12% Беларусі паляць (у дасьледаваньні прымалі ўдзел жыхары 18-69 гадоў). Сярэдні ўзрост пачатку курэньня для ўзросту 18-29 гадоў — 16 гадоў 1 месяц для юнакоў і 17 гадоў 3 месяцы — для дзяўчат.

Сярэдняя працягласьць жыцьця мужчын у Беларусі — 69 гадоў, жанчын — 79 гадоў. Гэта азначае, што ў сярэднім мужчыны ў Беларусі паміраюць заўчасна з пункту гледжаньня СААЗ. Паводле ацэнак арганізацыі, 40% сьмяротнасьці мужчын працаздольнага ўзросту зьвязана менавіта з курэньнем.

31 траўня — Сусьветны дзень бяз тытуню (World No Tobacco Day), які ў 1988 годзе абвясьціла СААЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: ад курэньня штогод у сьвеце памірае 6 млн чалавек