Яўген Мірановіч: «У 1989 годзе польскія камуністы падзялілі ўладу і маёмасьць з апазыцыяй»

Яўген Мірановіч

4 чэрвеня 1989 году ў Польшчы прайшлі часткова дэмакратычныя парлямэнцкія выбары, якія запачаткавалі сыход камунізму ня толькі ў гэтай краіне, але і ва ўсёй Цэнтральнай Эўропе. Размаўляем зь гісторыкам Яўгенам Мірановічам пра пачатак сыстэмнай трансфармацыі ў Польшчы, пра ролю генэрала Войцеха Ярузэльскага і лідэра «Салідарнасьці» Леха Валэнсы ў пераменах 30-гадовай даўнасьці ды таксама пра «плян Бальцаровіча».

У той час мы зь Яўгенам былі ня толькі назіральнікамі гэтых эпахальных выбараў, але і іх ўдзельнікамі. У 1989 годзе разам зь іншымі мы сфармавалі Беларускі выбарчы камітэт і паставілі двух беларускіх кандыдатаў на гэтых выбарах на Беласточчыне: Яўгена Мірановіча ў Сэйм і Сакрата Яновіча ў Сэнат. Але пра беларускі аспэкт польскіх выбараў 1989 году будзе ў другой частцы нашай размовы ў асобным падкасьце. А ў гэтым падкасьце — погляд беларускага гісторыка зь Беластоку на тое, што насамрэч адбылося ў Польшчы 30 гадоў таму.

Як звычайна, тэкстам я даю толькі некаторыя фрагмэнты выказваньняў майго суразмоўніка. Поўная гутарка — у падкасьце.

Пералом насамрэч адбыўся ў 1987 годзе

«1987 год быў такі пераломны. Гарбачоў тады сустрэўся з Рэйганам. І тады, як сёньня можна прачытаць ужо ў розных навуковых апрацаваньнях, яны дамовіліся, што Савецкі Саюз будзе адпускаць Сярэднюю Эўропу, што будзе стварацца штосьці новае, магчыма, нейкая зона нэўтралітэту. Камуністычныя ўлады Польшчы мелі свае спэцслужбы і, праўдападобна, арыентаваліся, у якім напрамку ідуць гэтыя ўсе зьмены. Таму я лічу, што ад 1987 году ўлады ў Польшчы рыхтаваліся да зьменаў».

Калі ў Польшчы пачаўся капіталізм?

«Варта прыгадаць, што ў 1988 годзе ўжо была гатовая эканамічная рэформа віцэ-прэм’ера Мячыслава Вільчэка. У найбольшым скарачэньні, яе сэнс зводзіўся да таго: усё, што не забаронена, дазволена. Не забароненай была ніякая эканамічная актыўнасьць. Напрыканцы 1980-х гадоў амаль кожны горад, амаль кожнае мястэчка пераўтварыліся ў вялікі базар. На тратуарах, на вуліцах, зьявіліся тавары з усяе Эўропы».

Камуністы абмянялі ўладу на маёмасьць і грошы

«У канцы 1980-х гадоў наступіла [ў Польшчы] такое эканамічнае ажыўленьне і такая эканамічная актыўнасьць грамадзтва, якога ні раней, ні пазьней я не сустракаў. Я думаю, што камуністы, рыхтуючыся да зьменаў, самі пачалі прыстасоўвацца. Гэта пацьвярджае тое, што здарылася пазьней. Перш за ўсё, яны хацелі ўзяць удзел, як спадкаемцы дзяржаўнай маёмасьці, у яе падзеле. І яны ўключыліся ў гэты працэс як першыя. Гэта асабліва відаць па тым, што пасьля пераломнага 1989 году кантроль над фінансамі, над банкамі знайшлася пераважна ў руках прадстаўнікоў апарату камуністычнай партыі. (…) 4 чэрвеня 1989 году — гэта больш сымбалічная дата, калі камуністы фармальна падзяліліся ўладай з апазыцыяй. Але працэс вялікіх зьменаў пачаўся значна раней».

Размовы за «круглым сталом»

«Тыя, што сядалі за „круглы стол“ з боку ўлады, рыхтаваліся да таго, што апазыцыя можа ўзяць поўную ўладу ў Польшчы, і хацелі, каб яна дала шанец бясьпечнага сацыяльна-эканамічнага існаваньня для тых, якія ўладу здаюць. Яны чакалі гарантый, і тыя гарантыі былі дадзеныя».

Пра генэрала Войцеха Ярузэльскага

«Ваеннае становішча [у 1981] не было найгоршым варыянтам. (…) Ярузэльскі, які стаў прэзыдэнтам [у 1989], не перашкаджаў ніякім пераменам. Яго актыўнасьць фактычна зводзілася да таго, што ён адабраў усе зьмены, якія прапанавала апазыцыя. (…) І ён без праблемаў адмовіўся ад улады. Відаць, тая ўлада яго ўжо стамляла».

А што Лех Валэнса?

«Валэнса — прадстаўнік простага народу. Ён такім быў, такім і застаўся па сёньняшні дзень. (…) Асаблівая каштоўнасьць людзей такога характару ў тым, што яны больш шчырыя. Яны думаюць больш рацыянальна».

«Шокавая тэрапія» Бальцаровіча

«Тую трансфармацыю, якую назвалі „плянам Бальцаровіча“, я б назваў трансфармацыяй у бок антыкапіталізму. Капіталізм пачаўся разам з рэформай Вільчэка. Тады сапраўды ўзьніклі асновы для лібэральнай эканомікі. „Плян Бальцаровіча“ палягаў у тым, каб усталяваць кантроль над эканомікай новымі абмежаваньнямі. Тое забароненае, тое забароненае, і яшчэ тое… Ну і поўная прыватызацыя, але пры адпаведных умовах. Усё дзяржаўнае было пастаўленае на продаж. Прыехалі купцы, найчасьцей з замежжа, і некаторыя куплялі прадпрыемствы толькі дзеля таго, каб праз пару месяцаў іх закрыць. Як добра памятаеш, у нашым Беластоку былі некалькі прадпрыемстваў, у якіх працавалі па пяць-шэсьць-сем тысяч чалавек. Праз два-тры гады не засталося ніводнага. Тыя людзі сталі беспрацоўнымі. Як добра памятаеш, калі мы працавалі разам у рэдакцыі „Нівы“, праз кожныя пару гадзін ці нават праз кожныя некалькі мінут заходзілі людзі, якія прасілі залатоўку ці два злоты. Людзі сапраўды апынуліся ў адчайнай сытуацыі. „Плян Бальцаровіча“ прывёў да таго, што ўся структура прамысловасьці раптоўна абвалілася. Праз пару гадоў мільёны людзей апынуліся ў кашмарнай сытуацыі».

* * *

Яўген Мірановіч (нар. 1955) — гісторык, прафэсар Беластоцкага ўнівэрсытэту, дасьледнік беларуска-польскіх дачыненьняў, гісторыі беларускага нацыянальнага руху ды руху іншых нацыянальных меншасьцяў у Польшчы, а таксама найноўшай гісторыі Беларусі і Ўкраіны. Сярод іншага, апублікаваў кнігі: «Białorusini w Polsce 1944–1949» (1993), «Mniejszości narodowe w Polsce» (1998, у суаўтарстве), «Historia państw świata w XX wieku. Białoruś" (1999), «Polityka narodowościowa PRL» (2000), «Polityka zagraniczna Białorusi 1990–2010» (2011), «Polityka zagraniczna Ukrainy 1990–2010» (2012), «Wojna wszystkich ze wszystkimi. Białoruś 1941–1944» (2015).