Гатэль на месцы зьнесенага «БелЭкспа» ў Менску пачнуць будаваць у ліпені

Праект гатэлю на месцы «БелЭкспа» ў Менску, рэндэр з агароджы вакол пляцоўкі. Фота: Станіслаў Шаршукоў, Tut.by

Будаўніцтва гатэльнага комплексу каля Траецкага прадмесьця і Опэрнага тэатру ў Менску мае пачацца ў ліпені 2019 году, расказаў Tut.by кіраўнік адміністрацыі Цэнтральнага раёну горада Дзьмітры Пятруша. Раней плянавалася пачаць будаўніцтва ў красавіку.

Менавіта ў ліпені пачнуцца работы на захаваных будынках былога Траецкага манастыра бразыльянак і пабудова маста празь Сьвіслач да вуліцы Зыбіцкай. Асноўны будынак (на выяве вышэй) зьбіраюцца пачаць будаваць у верасьні. Работы плянуюць завяршыць да 2022 году.

Раней забудоўнікі паказвалі пераважна выявы таго, як праект будзе выглядаць зьверху, цяпер жа на плоце вакол пляцоўкі зьявіліся і выявы таго, як мае выглядаць пабудова з пэрспэктывы пешахода.

Пляны на будынкі былога Траецкага манастыра бразыльянак

На месцы, дзе яшчэ нядаўна стаяў комплекс «БелЭкспа», зьбіраюцца пабудаваць 5-зоркавы гатэль на 200 месцаў, кругласутачны рэстаран, некалькі казіно, падземную паркоўку на сотню аўтамабіляў і іншае. У будынках былога манастыра — крамы і кавярні на першых паверхах, апартамэнты вышэй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скандальныя будоўлі Менску: будуюць арабы, расейцы, сэрбы. Беларусы назіраюць

Паводле ранейшых зьвестак, фонд Royal Group насьледнага прынца Абу-Дабі Тахнуна бін Заід аль-Нахаяна, прыяцеля Аляксандра Лукашэнкі, гатовы ўкласьці ў забаўляльны бізнэс у Менску 250 мільёнаў даляраў. Якая частка гэтых грошай пойдзе на гатэльны комплекс і рэканструкцыю былога Траецкага кляштара, невядома.

Каардынатар ініцыятывы «Горад для гараджан» Дзяніс Кобрусеў адзначаў у камэнтары Свабодзе, што ў Менску «ўжо склалася вельмі дрэнная практыка, калі абяцаюць адно, а потым узводзяць такое, што вельмі адрозьніваецца ў горшы бок» — ён прыводзіў у прыклад Dana Mall ля Нацыянальнай бібліятэкі і будоўлю на Кастрычніцкай плошчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія архітэктары паскардзіліся на бяспраўнасьць супраць «агрэсіўнай забудовы»