ЗША апублікавалі відэа пра датычнасьць Ірану да нападу на нафтавыя танкеры

Пажар на борце танкера Front Altair

Амэрыканскія вайскоўцы апублікавалі відэа, у якім паказваецца, што іранскі Корпус Вартавых Ісламскай рэвалюцыі (IRGC) датычны да нападу на два нафтавыя танкеры ў Аманскім заліве.

Камандаваньне ўзброеных сіл ЗША апублікавала ўвечары 13 чэрвеня відэазапіс, на якім вайскоўцы іранскага Корпусу вартавых Ісламскай рэвалюцыі прыбіраюць нешта, што выглядае як неразарваная магнітная міна, з корпусу аднаго з танкераў, пашкоджаных напярэдадні ў Аманскім заліве прыкладна ў 40 кілямэтрах ад паўднёвых берагоў Ірану.

На запісе відаць, як іранскі патрульны катэр падыходзіць да японскага танкера Kokuka Courageous, каб выдаліць міну. Акрамя відэароліка Злучаныя Штаты прадставілі і фатаграфіі апэрацыі, праведзенай іранцамі.

Мяркуецца, што Іран спрабаваў замесьці сьляды злачынства, у якім яго абвінавачваюць Злучаныя Штаты.

Выбухі на двух танкерах адбыліся раніцай 13 чэрвеня. На адным зь іх, нарвэскім Front Altair, цалкам загружаным нафтай, пасьля выбуху ўспыхнуў моцны пажар. Над суднам на працягу некалькіх гадзінаў вісеў слуп густога чорнага дыму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля нападу на танкеры цана нафты падскочыла. ЗША: за нападам стаіць Іран.

Іран назваў амэрыканскія абвінавачваньні «беспадстаўнымі» і «элементам кампаніі іранафобіі».

У той жа дзень у ААН выканаўца абавязкаў амбасадара ЗША Джонатан Коэн заклікаў Раду Бясьпекі супрацьстаяць «відавочнай пагрозе», якая зыходзіць ад Тэгерану ў рэгіёне.

Аналягічны інцыдэнт здарыўся ў траўні паблізу эмірата Эль-Фуджайра, у выніку пацярпелі чатыры танкеры. Віну за тыя выбухі Вашынгтон таксама ўсклаў на Тэгеран.

У 1987-1988 гадах Іран вёў маштабную мінную вайну супраць танкераў, вымусіўшы амэрыканскія ВМС суправаджаць іх пры праходзе Пэрсыдзкага заліву.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тарпэдай і мінай. У Аманскай затоцы напалі на танкеры з нафтай