Прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч, які прыляцеў у Менск на адкрыцьцё II Эўрапейскіх гульняў 21 чэрвеня, на цырымоніі не зьявіўся. Свой дэмарш ён патлумачыў удзелам у ёй каманды Косава, якое Бялград па-ранейшаму лічыць часткай Сэрбіі, паведамляе БелаПАН.
Незалежнасьць гэтай краіны ў сьвеце прызнаная часткова, у тым ліку Эўрапейскімі алімпійскімі камітэтамі, пад эгідай якіх праходзяць Эўрапейскія гульні.
Менск разам з Масквой незалежнасьць Косава не прызнаюць.
У інтэрвію сэрбскаму інфармацыйнаму агенцтву ТАНЮГ Вучыч заявіў, што яму было цяжка зрабіць такі крок, але ён мусіў паступіць як прэзыдэнт Сэрбіі.
Cа председником Белорусије Александром Лукашенком о билатералним односима који су одлични. https://t.co/IxEjMGVYKC
— Александар Вучић (@avucic) June 21, 2019
«Мне было вельмі цяжка паведаміць гаспадару, прэзыдэнту Беларусі Лукашэнку, што я не прыйду на цырымонію, таму што я ведаю, як шмат ён зрабіў. З аднаго боку ён пасадзіў побач з сабой Мядзьведзева, а з другога хацеў пасадзіць мяне. Гэта вялікі гонар. Ён сказаў, што ня пойдзе на стадыён безь мяне. Мне было цяжка бачыць, як у гэтага мужнага чалавека я ледзь ня ўбачыў сьлёзы, калі я сказаў, што мы ня можам прысутнічаць», — сказаў Вучыч.
Паводле яго, Лукашэнка быў сумленным і карэктным. Гэта выявілася ў тым, што ў тых месцах, якія не наведвала інспэкцыя Міжнароднага алімпійскага камітэту, сьцяга Косава не было, а прэзыдэнта гэтай не прызнаванай Бялградам дзяржавы Хашыма Тачы не пасадзілі ў ложу для vip-гасьцей, сказаў Вучыч.
«Яны паклапаціліся пра нас, і мне шкада, што я расчараваў беларускага гаспадара, але ў мяне не было іншага выбару», — сказаў сэрбскі лідэр. Паводле Вучыча, яго гэтая сытуацыя ня радуе, а наадварот, выклікае нянавісьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На адкрыцьці Эўрагульняў прысутнічаў прэзыдэнт не прызнанага Менскам Косава Хашым ТачыЯк паведамляе ТАНЮГ, раніцай 22 чэрвеня прэзыдэнт Сэрбіі наведаў разьмяшчэньне зборнай сваёй краіны ў Менску. У складзе каманды 66 чалавек.
Вучыч сустрэўся ў Менску з прэм’ер-міністрам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым і прэзыдэнтам Малдовы Ігарам Дадонам. Адной з тэм перамоваў было захаваньне тэрытарыяльнай цэласьці Сэрбіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі прэзыдэнт Сэрбіі: яшчэ адзін палітык учыніў дэмарш на Эўрапейскіх гульнях