Зямлі пагражае «кліматычны апартэід». Што гэта такое?

Багатыя і бедныя па-рознаму пакутуюць ад кліматычных зьменаў. Пагроза кліматычнага апартэіду можа паставіць пад сумнеў магчымасьць выкананьня правоў чалавека, гаворыцца ў дакладзе «Клімат і беднасьць», які будзе прадстаўлены 28 чэрвеня ў жэнэўскай штаб-кватэры ААН.

Філіп Алстан

Аўтар дакладу Філіп Алстан асуджае прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа за яго спробы не зьвяртаць увагу на навуковыя папярэджаньні пра зьмены клімату. Крытыкуецца і абяцаньне прэзыдэнта Бразыліі Жаіра Балсанара адкрыць амазонскую сэльву для будаўніцтва вытворчай інфраструктуры дзеля здабычы карысных выкапняў.

У дакладзе крытыкуюцца і «неадэкватныя» меры, якія прымаюцца самой ААН, урадамі і бізнэсам для належнага адказу на новыя глябальныя пагрозы. Брытанская газета The Guardian вылучае з дакладу словы пра тое, што «правы чалавека, магчыма, не перажывуць пераменаў, якія насоўваюцца».

Спэцыяльны дакладчык ААН па праблемах беднасьці і правоў чалавека Філіп Алстан адзначае ў сваім дакладзе і пазытыўныя перамены. Гэта павелічэньне колькасьці судовых разглядаў па пазовах да дзяржаваў і прадпрыемстваў энэргетычнай галіны, актывізм швэдзкай школьніцы Грэты Тунбэрг, забастоўкі школьнікаў ў многіх краінах сьвету і дзейнасьць міжнароднага сацыяльна-палітычнага руху за захаваньне прыроднай разнастайнасьці Extinction Rebellion.

Грэта Тунбэрг

Грэта Тунбэрг — швэдзкая школьніца, якая больш за паўгода ў пятніцы прагульвае ўрокі і выходзіць з адзіночным пікетам да будынка парлямэнту Швэцыі, патрабуючы ад ураду выконваць Парыскае пагадненьне па клімаце. Яе прыклад спарадзіў падобныя акцыі з назвай Fridays for Future («пятніцы дзеля будучыні») сярод моладзі ў дзясятках краінаў сьвету.

Філіп Алстан лічыць, што дабрабыт адных жыхароў Зямлі ды беднасьць і галеча іншых дазваляюць першым забясьпечваць сябе тэхнічнымі сродкамі для выжываньня ў зьменлівым навакольным асяродзьдзі або мяняць месца жыхарства. Другія, якія жывуць у галечы або беднасьці, ня маючы надзейнага жытла, асуджаныя пакутаваць і хварэць ад недахопу чыстай вады, прадуктаў харчаваньня, сродкаў абароны ў выпадку стыхійных бедзтваў і без магчымасьці пераезду ў больш спрыяльныя для жыцьця рэгіёны. Гэтую сытуацыю навуковец называе «кліматычным апартэідам».

Дэманстрацыя ў Парыжы з патрабаваньнем барацьбы з глябальным пацяпленьнем, 15 сакавіка 2019

Тым часам агенцтва Reuters паведамляе аб адкрытым лісьце групы буйных інвэстараў, якія кіруюць капіталамі ў аб’ёме больш за 34 трыльёны даляраў да лідэраў 20-ці найбуйнейшых эканомік сьвету з патрабаваньнем неадкладна прыняць меры па барацьбе са зьменай клімату.

Ліст падпісаны 477 інвэстарамі, якія прадстаўляюць амаль палову сусьветнага інвэстыцыйнага капіталу са зваротам аб «неадкладным прыняцьці рашучых дзеянняў» ў барацьбе з наступствамі зьмяненьня клімату для дасягненьня мэтаў Парыскага пагадненьня ААН па клімаце.

У 2015 годзе амаль 200 краін дамовіліся ў Парыжы аб мерах, якія павінны паменшыць выкіды вуглекіслаты ў атмасфэру і ўтрымаць павышэньне глябальнай сярэдняй тэмпэратуры на ўзроўні не вышэй за 2 градусы Цэльсія ў параўнаньні з даіндустрыяльным пэрыядам (да 1760 году).

У згаданым лісьце рэкамэндуецца строга прытрымлівацца пастаўленых мэтаў у рамках Парыскага пагадненьня да 2020 году, спыніць субсыдаваньне вугалю з мэтай вытворчасьці электраэнэргіі і палепшыць фінансавую справаздачнасьць, зьвязаную са зьмяненьнем клімату.

Першая тройка краін, якія выкарыстоўваюць найбольшую колькасьць вугалю для вытворчасьці электраэнэргіі — гэта Кітай, Індыя і ЗША. Расея — на шостым месцы, замыкае дзясятку Казахстан.

Паводле падлікаў ААН, абмежаваньне росту тэмпэратуры да 1,5 градусаў Цэльсія абыдзецца ў суму ня меншую за 830 мільярдаў даляраў на год, аднак ААН падкрэсьлівае, што кошт бязьдзейнасьці будзе нашмат вышэйшы.