Як майстар-лялечнік робіць у Віцебску драўляных актораў. ФОТА, ВІДЭА

Праца з дрэвам для віцебскага мастака Дзьмітрыя Гаралевіча пачалася з анёлаў на ўзор тых, што рабілі народныя майстры 16–17 стагодзьдзяў.

Ён вырабляў драўляных конных шляхцічаў часоў ВКЛ і крылатых гусараў Рэчы Паспалітай. Выразаў з дрэва батлеечных пэрсанажаў, адпаведных беларускім традыцыям.

Цяпер Дзьмітры працуе над лялькамі-акторамі для віцебскага тэатру «Лялька», спалучаючы ў дрэве народныя матывы і аўтарскі стыль.

У тэатральнай майстэрні мастака-канструктара цесна ад рэквізыту. Ужо некалькі месяцаў тут ідзе праца над новым спэктаклем. «Прададзены сьмех» паводле вядомай казкі нямецкага пісьменьніка Джэймса Круса ставіць малады віцебскі рэжысэр Міхась Клімчук.

Для Дзьмітрыя Гаралевіча гэта чацьвёрты спэктакль — і першы, дзе ён адначасова мастак-пастаноўшчык і адказны за мэханіку канструктар.

«Да гэтай пары я рабіў лялькі па эскізах іншых мастакоў. Вобразы былі не мае», — у «Ляльку» Дзьмітры прыйшоў два гады таму. Ён вядомы ў Віцебску мастак, ягоныя працы экспануюцца ў цэнтральных галерэях гораду. Дзьмітры выкладаў жывапіс на радзіме і за мяжой, выконваў мастацкую частку ў шэрагу гарадзкіх праектаў. А цяпер рыхтуецца да дэбюту ў новай для сябе сфэры.

«Ніколі раней не займаўся ні лялькамі, ні тэатрам, — прызнаецца майстар. — Прыйшлося глядзець, што да мяне рабілі». За 33 гады існаваньня тэатру ў ім назьбіралася больш за тысячу лялек.

«Спачатку чытаю п’есу, а потым пачынаю бессыстэмна выкідваць думкі на паперу»

«Спэктакль пачынаецца з эскізаў, — мастак дастае важкі стос аркушаў. — Я чытаю п’есу, а потым пачынаю бессыстэмна выкідваць думкі на паперу. З гэтай кучы выбіраю ўдалыя вобразы, каб узгадніць з рэжысэрам. Калі ён дае згоду, працягваецца мая праца».

«Прададзены сьмех» — гэта гісторыя Ціма Талера, які прадае барону Трочу, у чыім вобразе хаваецца чорт, свой сьмех і наўзамен атрымлівае здольнасьць выйграваць любы заклад. На працягу спэктакля хлопчык вяртае сабе ўсьмешку, даражэйшую за любыя грошы.

«Самае складанае — прыдумаць вобраз, — мастак-канструктар працуе над зьнешнасьцю, характарам, унутранай канструкцыяй і мэханікай лялькі-актора. — Гэта ўжо маё бачаньне. Важна, каб пэрсанажы атрымаліся такімі, як я іх задумаў».

«Гэта Цім Талер, — Дзьмітры прадстаўляе драўлянага хлопчыка. — Ён яшчэ без прычоскі і боцікаў. І твар не размаляваны».

Па словах мастака, Цім — пэрсанаж эмацыйна складаны. Міміку ляльцы замяняе маска. Пасьля пагадненьня з баронам выраз Цімавага твару робіцца сумным.

Гэта пляншэтная лялька. У адрозьненьне ад марыянэткі на вяровачках, яна кіруецца рычажкамі і ручкамі. Дзьмітры падтрымлівае ляльку за сьпінку і галоўку. Ён кажа пра традыцыйныя лялечныя сыстэмы, якіх прытрымліваюцца ўсе лялечнікі. Але кожны дадае нешта сваё.

«Звычайна шыя робіцца на вяроўцы. Але гэта трохі нязручна, бо ўвесь час актор мусіць трымаць галаву, каб тая ня падала, — тлумачыць майстар. У Ціма галава трымаецца на шарыку, які нагадвае дэталь з канструктара лега. І не дае галоўцы ўпасьці. — Гэта не вынаходка. Але, думаю, лепей, калі галоўка фіксуецца. Рука актора вызваляецца. Ён можа больш увагі аддаваць рухам».

На сцэне пляншэтная лялька патрабуе сама меней двух актораў. Адзін трымае сьпінку і рукі, а другі кіруе нагамі. Тады лялька ідзе. Гледачу відаць і яна, і акторы.

Ад чаго залежыць плястычнасьць лялькі-актора

«У абавязкі мастака-канструктара таксама ўваходзіць рамонт лялек — гэта магчымасьць паглядзець, як яны зробленыя ўнутры», — Дзьмітры распавядае, як заглыбляўся ў новую прафэсію. Плястычнасьць лялькі-актора залежыць ад тыпу мэханікі, якую ў яе закладзе майстар. Але нават самы складаны мэханізм павінен быць просты ў кіраваньні. Усярэдзіне барона Троча стандартная сыстэма так званага гапіту: бегунок рухаецца ўздоўж трубкі, якая мацуецца да шыі.

«Актор можа кіраваць рухамі галавы фактычна адным пальцам», — Дзьмітры дэманструе мэханізм у дзеяньні. Цяпер барон можа круціць галавой. Пазьней на ім зьявіцца цела — шырокі рукаў, куды схаваюцца рукі актора. Апранаюцца лялькі ў суседнім пакоі — згодна з эскізамі мастака.

​На думку Дзьмітрыя, пляншэтныя лялькі маюць больш выразную плястыку. «Але шмат залежыць ад майстэрства актора. Актор ажыўляе ляльку — у ягоных руках яна пачынае жыць, размаўляць», — перакананы мастак.

Ёсьць і зусім нескладаныя мэханізмы. Як пяцёра камэрсантаў. Іх галоўкі трымаюцца на спружынках, якія злучаюцца з ручкай. Гэта дазваляе ім рухацца ва ўсе бакі. Пяць галоў — гэта пяць розных эмоцый на адным тулаве, за якім хаваецца актор.

Чым больш умелы лялечнік, тым больш выразны атрымліваецца пэрсанаж

Зь якога дрэва найлепей рабіць лялькі

Майстар-лялечнік — і мастак, і канструктар, і скульптар. Ён працуе з тэкстылем, мэталам і дрэвам. Дзьмітрыю даспадобы натуральныя і простыя рэчы.

«У працы над лялькамі аддаю перавагу больш архаічнаму матэрыялу — дрэву, — кажа ён. — У маім разуменьні гэта больш трывалы матэрыял, традыцыйны».

Лепей за ўсё для працы пасуе ліпа. Але добра прасушаную ліпу складана знайсьці. Дэталі для лялек мастак выразае з чорнай вольхі. Яна мяккая і лёгкая. Прыдатны для лялькі кавалак дрэва можа знайсьціся нават у кучы дроваў, што прывозяць да дому мастака — як у сюжэце добра вядомай казкі.

Боцік з чорнай вольхі на ножку Ціма Талера

Працаваць з дрэвам Дзьмітры пачаў яшчэ да прыходу ў тэатар.

«Я зьвярнуўся да беларускай гісторыі і пасадзіў на лялечных конікаў вершнікаў — шляхцічаў, крылатых гусараў Рэчы Паспалітай з рухомымі дэталямі. Абапіраўся на народныя традыцыі вырабу драўлянай лялькі», — кажа мастак.

Яшчэ майстар робіць драўляных анёлаў — дзеля асалоды. Спачатку яны былі плоскія па форме, аздобленыя беларускімі паясамі, арнамэнтамі, сымбалямі.

«Аб’ёмных анёлаў я пачаў выразаць пасьля працы над батлеечнымі лялькамі, — Дзьмітры вырабіў з дрэва дзевяць пэрсанажаў для бытавых сцэн, якія дапоўнілі асноўную батлейку тэатру. — Я арыентаваўся на тэхніку народных майстроў 16–17 стагодзьдзя, вырабы якіх упрыгожвалі касьцёлы ў малых мястэчках. Часам яны падаюцца нязграбнымі, месцамі прымітыўнымі, з парушанымі прапорцыямі, але яны вельмі беларускія, чалавечыя».

Адзін з анёлаў Дзьмітрыя аздобіў калядную зорку ў батлейцы «Лялькі». Мара мастака — зрабіць уласную. Летась ён змайстраваў у адзінкавым экзэмпляры сувэнірныя батлейкі. Яны сталі прызамі, якія атрымалі ўдзельнікі «Лялечнага кварталу» — праекту тэатру «Лялькі» падчас Славянскага базару.

Народныя матывы складаюць адметнасьць тэатральных лялек Дзьмітрыя. На тварах герояў ёсьць рысы і анёлаў, і шляхты, і батлеечных пэрсанажаў.

Праца над галоўкамі лялек-актораў пачынаецца з плястылінавай мадэлі ў поўны памер

«Лялькі ў тэатры могуць падацца непрапарцыйнымі, — тлумачыць Дзьмітры. — Але гэта больш мастацкі прыём, каб засяродзіць увагу на характэрных рысах пэрсанажа. У лялькі можа быць вялікая галава, даўжэзныя рукі. Усё гэта працуе на вобраз». І дэталі, і акцэнты павінны быць зразумелыя малому гледачу.

«Чым больш мэханічных элемэнтаў, тым цікавей гледачу»

Дзьмітры кажа, што ён чалавек не тэхнічны. Аднак у ягонай майстэрні ўсё рухаецца — тут ён выпрабоўвае новыя мэханізмы. «Сам сабе дзіўлюся», — сьмяецца мастак і заводзіць цацачны грамафон.

У грамафоне схаваны малы рухавік. Ён будзе круціць пласьцінку па траекторыі васьмёркі

«Увогуле, чым больш у лялечным спэктаклі мэханічных элемэнтаў — нешта адчыняецца, зачыняецца, рухаецца, падымаецца, апускаецца, — тым цікавей гледачу», — перакананы Дзьмітры. Відавочна, «Прададзены сьмех» — спэктакль мэханічна складаны.

Дыктар у капелюшы — найвялікшая лялька ў спэктаклі. У яго круціцца галава, адкрываецца рот, рухаюцца рукі. Ён увасабляе сабой гіпадром

Неабходныя канструкцыі па эскізах і макетах мастака робіць тэатральны сталяр. Некалькі дзён таму зробленыя з дрэва дэкарацыі выносілі на сцэну — на мастацкую раду. Кожны эпізод узгадняецца з рэжысэрам.

Гледачы скачак таксама рухомыя. Каб іх ажывіць, актор мусіць круціць ручку

«Мы глядзім, што зьмяніць, што дадаць. Лялькі будуць сядзець тут ці выходзіць адтуль. Як яны будуць гэта рабіць. Адначасова вырашаюцца тэхнічныя пытаньні, — тлумачыць Дзьмітры. — Што цікава ў лялечным тэатры: бытавыя прадметы пераўтвараюцца ў незвычайныя рэчы. Шафа становіцца заляй паседжаньняў, а потым — параходам з акенцамі-ілюмінатарамі».

Працы ў майстэрні яшчэ шмат. Прэм’ера чакаецца напрыканцы ліпеня.

«Гэта мой першы спэктакль, — кажа мастак. — Я кожны крок свой вылічваю. Нешта перарабляю па некалькі разоў. Зробіш адно, а празь некалькі дзён дадумаесься да нечага лепшага, больш дасканалага».

Лялька ці новы тэхнічны элемэнт гатовыя, калі Дзьмітры адчувае, што задаволены.