Лукашэнка адказаў, ці ўвойдзе Беларусь у склад Расеі

Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнікі Беларусі і Расеі дамовіліся не ламаць дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы», але пра ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі ці наадварот «нават размаўляць ня трэба», заявіў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам, паведамляе БЕЛТА.

«Мы адказалі на самае галоўнае пытаньне, якое, ведаеце, падкідвалася з усіх бакоў (ня ведаю, зь якой мэтай): далучыцца Расея ў склад Беларусі ці Беларусь у склад Расеі ці не. Мы адказалі, што гэтага сёньня рабіць наогул ня трэба. Нават размаўляць на гэтую тэму. І Пуцін на гэтае пытаньне адказваў. І я тым больш. Няма такой неабходнасьці», — сказаў Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка расказаў, што яны з Пуціным дамовіліся «не ламаць дамову аб саюзнай дзяржаве», бо «калі мы ўлезем у ламаньне дамовы, мы разбурым наогул усё, што створана за гэты час», да таго ж дамова дасюль у поўнай аб’ёме не рэалізаваная і застаецца актуальнай.

Чакаецца, што Лукашэнка і Пуцін сустрэнуцца 18 ліпеня ў манастыры на Валааме ў Расеі. Лукашэнка заявіў, што ён з Пуціным не збіраецца нешта там вырашаць тайна.

«Ды мы не зьбіраемся на Валааме нешта таемна вырашаць. Гэта прэзыдэнта Расеі прапанова. Гэта наша праваслаўная сьвятыня. Я там проста павінен пабываць. Я яму ўдзячны, што ён мне яе асабіста пакажа і раскажа, як яна узнаўляецца, што зроблена там. Нічога тайнага», — заявіў Лукашэнка.