Палітвязень Міхаіл Жамчужны ня трапіў пад амністыю

Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота

Палітвязень Міхаіл Жамчужны марыў выйсьці на волю па амністыі, якая сёлета прымеркаваная да 75-годзьдзя вызваленьня ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але пакараньні зь яго так і не зьнялі.

«Пад амністыю Жамчужны не падпаў, бо зь яго не зьнялі пакараньняў. Хоць ён імкнуўся да гэтага, у яго была мэта выйсьці на волю. Міхаіл абскардзіў усе свае спагнаньні і пакараньні, якія яму абвясьціла адміністрацыя калёніі, але, як бачым, гэта выніку не дало», — паведаміў сайту palitviazni.info праваабаронца Леанід Сьвецік.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Жамчужны ў Горацкай калёніі адбыў паўтара года ў ізалятары

Цяпер, як мяркуе праваабаронца, Міхаіл Жамчужны, чарговы раз знаходзіцца ў штрафным ізалятары: ад яго доўга ўжо не было лістоў.

Паводле праваабаронцы, у Жамчужнага яшчэ ёсьць маленькі шанец апынуцца на волі, бо амністыя будзе працягвацца каля паўгода і палітвязень можа пад яе трапіць, але «на гэта трэба больш палітычная воля вышэйшага кіраўніцтва, і для гэтага павінны быць нейкія перадумовы ўнутранага і вонкавага характару, якія б зрабілі вызваленьне Жамчужнага мэтазгодным для ўлады».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па амністыі на волю выйдуць 2 тысячы чалавек. Яна закране і асуджаных паводле 328-га артыкула

Хто такі Жамчужны

  • Міхаілу Жамчужнаму 62 гады. Выкладаў у Віцебскім тэхналягічным унівэрсытэце. Кіраваў дасьледчай лябараторыяй, якая працавала над атрыманьнем вадароду для выкарыстаньня ў прамысловасьці;
  • У 2008 годзе быў асуджаны за эканамічныя злоўжываньні на 4 гады. Вырак абскарджваў, але марна;
  • У 2012 годзе па вызваленьні заняўся праваабарончай дзейнасьцю, стаў адным заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн»;
  • У 2015 годзе асуджаны Віцебскім абласным судом: быў прызнаны вінаватым у падбухторваньні да наўмыснага выдаваньня зьвестак, якія складаюць службовую тайну, у незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, і ў даваньні хабару;
  • Быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Судовая калегія крымінальных спраў Вярхоўнага суду прызначыла яму 6,5 года пазбаўленьня волі. Справу разглядалі суды ў закрытым рэжыме. Сваёй віны не прызнаў.
  • Адбываў пакараньне ў калёніях ў Навасядах і Івацэвічах. Апошнія два гады знаходзіцца ў Горацкай папраўчай калёніі № 19;
  • Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Яны дамагаюцца, каб прысуд быў адменены і каб справу перагледзелі ў адкрытым судовым паседжаньні.
  • На свабоду мае выйсьці ў лютым 2021 году.