Магілёўскі пэнсіянэр навучыўся рабіць скульптуры з бэтону. Цяпер ягоныя работы — у гарадах і на сядзібах

Экспазыцыя скульптур каля майстэрні Генадзя Жолудзева

67-гадовы жыхар Магілёва Генадзь Жолудзеў чатыры гады таму ўзяўся адрадзіць інтарэс да садова-паркавай скульптуры. Цяпер у яго свая майстэрня, а ягоныя творы ўпрыгожваюць гарады, прыватныя сядзібы і дзяржаўныя арганізацыі. Пра сваё рамяство, кошты скульптур і густы пакупнікоў спадар Генадзь апавёў Свабодзе.

У праекце «Безь дзяржавы» мы апавядаем гісторыі беларусаў, якія даюць рады жыць на сваім хлебе, без дапамогі дзяржавы, а часта і насуперак ёй. У чым іхная жыцьцёвая філязофія, якія прынцыпы і сакрэты дапамагаюць дасягаць мэтаў?


Скульптар-самавук

Генадзь Жолудзеў захапіўся вырабам садова-паркавай скульптуры ўжо на пэнсіі. Апошнія чатыры гады жыве толькі гэтым рамяством. Дагэтуль 20 год адпрацаваў на Магілёўскім аўтамабільным заводзе — і рабочым-станочнікам, і начальнікам цэху гідраапаратуры. Працаваў і на будаўніцтве Калымскай ГЭС.

Генадзь Жолудзеў

Сваё захапленьне скульптурай тлумачыць тым, што зь дзяцінства любіць фарбаваць ды ляпіць. «Пакуль на нагах, кідаць скульптуру не зьбіраюся, — кажа ён. — Праца над ёй ня мае межаў для фантазіі».

Скульптуры робіць з бэтону. Паводле яго, гэты матэрыял:

  • даўгавечны, «схопліваецца сто гадоў і столькі ж разбураецца»;
  • трывалы, не разбураецца ад перападу тэмпэратур, удараўстойлівы;
  • экалягічна чысты, «бо зь яго будуюць жытло»;
  • лёгка апрацоўваецца, доўга трымае на сабе фарбу і не дае ёй выцьвітаць;
  • таньнейшы за іншыя матэрыялы.

Вынайшаў уласную формулу трываласьці

Навыкі працы з бэтонам у Генадзя Жолудзева былі, а тонкасьці скульптурнага рамяства пераймаў у дасьведчаных майстроў. Кажа, што шмат часу пайшло на пошук уласных падыходаў да справы. Склад бэтоннага раствору і формы для скульптурных загатовак трымае ў сакрэце.

«Гэтыя нюансы мала дзе апісаныя і ў кожнага майстра свае, — кажа ён. — Мне давялося шмат патраціцца на тое, каб вынайсьці сваю формулу трываласьці скульптуры».

«Сакрэтныя» загатоўкі скульптур вікінгаў. На дальнім пляне сын Генадзя Жолудзева — завіхаецца над «сакрэтнай» формай

Суразмоўца кажа, што сваім рамяством стараецца адрадзіць інтарэс да садова-паркавай скульптуры. Па ягоных словах, за апошнія два гады попыт на яе ўзрос, бо «людзі імкнуцца ажывіць краявід на прыватнай тэрыторыі і запоўніць прагалы гарадзкой прасторы».

Праца са скульптурай у майстэрні сэзонная

Генадзь Жолудзеў зарэгістраваны рамесьнікам. Выраб скульптуры называе хобі, на якім зарабляе. Рамяство прыносіць прыбытак, але пра яго памер суразмоўца ня кажа. Матэрыял для сваіх твораў бярэ беларускі.

Падворак майстэрні застаўлены скульптурамі рознага памеру

Скульптуру ён разам з сынам вырабляе ў майстэрні, пад якую прыстасаваў прыватную сядзібу на ўскрайку Магілёва. За чатыры гады ўдваіх вырабілі некалькі сотняў скульптур рознага памеру.

Паводле суразмоўцы, праца з бэтонам у майстэрні сэзонная: з красавіка па кастрычнік. Пакуль дазваляе надворʼе, ён з сынам робіць ад цямна да цямна.

Падворак і пляцоўка звонку майстэрні застаўленыя расфарбаванымі бэтоннымі фігурамі рознага памеру, тэматыкі і кошту. Падзівіцца на экспазыцыю, акрамя пакупнікоў прыходзяць і тыя, хто заўважыў яе з Гомельскай шашы.

Героі дыснэеўскага мультфільма «Беласьнежка і сем гномаў»

Сярод экспанатаў казачныя, антычныя, сярэднявечныя, эратычныя вобразы, а таксама пэрсанажы з савецкіх фільмаў і дыснэеўскіх мультыплікацыйных стужак. Беларускі сьвет прадстаўлены скульптурамі жывёл. Гаспадар кажа, што такі набор запатрабаваны пакупніком.

Якія скульптуры самыя папулярныя

Паводле рамесьніка, найбольш хадавы тавар — невялікія скульптуры цаною ад 10 да 150 рублёў. Іх купляюць найчасьцей на падарункі тыя, у каго невялікі дастатак.

«Раз муж купіў у падарунак аголены вобраз жанчыны, які быў падобны да жонкі, і ўвесь сьвяточны вечар быў прысьвечаны абмеркаваньню скульптуры», — згадвае з усьмешкай Генадзь Жолудзеў.

Скульптуры для дарослых

Ён кажа, што невялікія скульптуры герояў казак часта купляюць на лецішчы або ў катэджы бацькі для дзяцей — каб падахвоціць іх да чытаньня і адцягнуць ад кампутара.

Сярод пакупнікоў — лякарні ды навучальныя ўстановы. Для іх Генадзь Жолудзеў робіць зьніжкі.

Скульптуры для заможных пакупнікоў і дзяржаўных арганізацый

Паводле суразмоўцы, «манумэнтальную» скульптуру ў чалавечы рост і вагою пад тону ён робіць на замову заможных пакупнікоў. Такая «манумэнтальная» скульптура вымагае багата матэрыялу і высілкаў.

Найбольш папулярныя ў беларускага пакупніка вялікія фігуры сярэднявечных рыцараў, вікінгаў. Іх ставяць перад катэджамі ды аграсядзібамі. Два гады таму ён пачаў вырабляць скульптуру Тараса Бульбы вагою 800 кіляграмаў.

«Магчыма, пакупнікі вялікіх скульптур хочуць мець адчуваньне сувязі з даўнейшымі часамі. Такія фігуры надаюць іхнаму жытлу самавітасьці», — кажа гаспадар майстэрні.

Пакупнік у разгубленасьці ад выбару. На пярэднім пляне — Тарас Бульба

Паводле яго, пакупнікі з Расеі аддаюць перавагу вырабам нэўтральнай тэматыкі — напрыклад, скульптурам сярэднявечных рыцараў.

Сярод сталых пакупнікоў — камунальныя арганізацыі ды прадпрыемствы. Вялікімі скульптурамі яны ўпрыгожваюць райцэнтры, у якіх праводзіліся «Дажынкі», і тамтэйшыя асяродкі адпачынку. Цяпер такія скульптуры стаяць па ўсёй Беларусі. Найбольш іх на Магілёўшчыне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Матрошка не расейская». Як беларуска вырабляе «касьмічныя» цацкі з дрэва для дзяцей і дарослых

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У беларусаў дзяржава ў галаве». Дзяўчына кінула працу архітэктара, каб мяць гліну