У Гомлі шукаюць маці, якая падкінула немаўля ў лякарню. Фота запіскі

Ілюстрацыйнае фота

15 ліпеня ў адной зь лякарняў Гомля знайшлі нованароджаную дзяўчынку. Побач знаходзіўся пакет зь дзіцячымі рэчамі і запіска, паведаміў Сьледчы камітэт Беларусі ў сацыяльных сетках.

Як мяркуецца, запіску напісала маці дзяўчынкі, якая падкінула дзіця. Цяпер сьледчыя УСК Гомельскай вобласьці шукаюць яе. Дзіця жывое, зь ім усё ў парадку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты не адна». Як у Беларусі дапамагаюць маці ў крызісе

У Беларусі створаная мапа бясплатных паслуг для цяжарных у крызіснай сытуацыі. У ёй пералічаныя ўсе адрасы, дзе цяжарныя жанчыны могуць атрымаць неабходную мэдыцынскую, псыхалягічную, сацыяльную і юрыдычную падтрымку.

У 2016 годзе пасьлячарговай навіны пра маці, якая выкінула сваю толькі народжаную дачку ў сьмецьцеправод, дзяржаўны тэлеканал АНТ паведаміў, што новае скліканьне Палаты прадстаўнікоў гатовае разгледзець ідэю «бэбі-боксаў»: месцаў, дзе жанчыны могуць ананімна пакінуць непажаданых нованароджаных дзяцей. Аднак дасюль няма ніякіх рэальных зрухаў у вырашэньні гэтага пытаньня, і пакуль бэбі-боксы ў Беларусі не дазволеныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў гатовая разглядзець ідэю «бэбі-боксаў» — АНТ

Бэбі-боксы (іх яшчэ называюць «вокнамі жыцьця») ствараюцца каля мэдыцынскіх ці рэлігійных установаў у шмат якіх краінах Эўропы, у тым ліку ў суседніх зь Беларусьсю Польшчы, Латвіі, Украіне, Расеі (у апошняй асобныя дэпутаты прапануюць іх забараніць).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бэбі-бокс як шанец на жыцьцё
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ў Беларусі блізкім часам ня будзе «бэбі-боксаў»