Хто зь беларусаў і калі зможа атрымліваць «польскую» пэнсію?

У Палату прадстаўнікоў з ураду паступіў законапраект «Аб ратыфікацыі Дамовы паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшчай аб сацыяльным забесьпячэньні». Гэтую інфармацыю Свабодзе 23 ліпеня пацьвердзілі ў сакратарыяце Палаты.

У суправаджальным лісьце дэпутатам прапануецца ратыфікаваць Дамову. Гэта азначае, што беларусы, якія раней працавалі ў Польшчы, а пасьля выйшлі на пэнсію, будуць атрымліваць сваю частку пэнсіі за гэты час у эўра. Такія ж умовы створаныя і для грамадзян Польшчы, якія перад выхадам на пэнсію працавалі ў Беларусі.

Беларуска-польскую дамову падпісалі ў Варшаве 13 лютага 2019 году намесьнік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Валер Кавалькоў і намесьнік міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы Марцін Зелянецкі. Але каб яна набыла сілу закону, у абедзьвюх краінах трэба выканаць комплекс так званых унутрыдзяржаўных працэдур. У Беларусі галоўная зь іх — гэта ратыфікацыя Дамовы парлямэнтам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Службу ў войску могуць уключыць у пэнсійны стаж ужо сёлета, — Мінабароны

Працэдуры абавязковага перагляду пэнсіі не прадугледжана. Але пэнсіянэр можа зрабіць адпаведную заяву, калі ягоны працоўны стаж на тэрыторыі Польшчы ці Беларусі ня ўключаны ў агульны. Дзеля гэтага беларускім пэнсіянэрам ня трэба ехаць у Польшчу. Яны могуць зьвярнуцца ў службу «Адно акно» ў Беларусі, а сацыяльныя органы зробяць запыт у Варшаву.

Дакладнай статыстыкі, колькі чалавек можа закрануць дамова, не існуе. Але мяркуецца, што лік можа ісьці на дзясяткі тысяч.

Пленарныя паседжаньні Палаты прадстаўнікоў, згодна з заканадаўствам, узнаўляюцца 2 кастрычніка.

Дамовы пра «экспарт» пэнсій Беларусь пакуль мае толькі з чатырма краінамі: Літвой (падпісана ў 1999 годзе), Расеяй (2006), Латвіяй (2008), Азэрбайджанам (2014). Напрыканцы 2018 году Палата прадстаўнікоў ратыфікавала аналягічны дакумэнт з Чэхіяй. Так што Польшча можа стаць шостай краінай у гэтым сьпісе.

Яшчэ дзьве краіны, зь якімі Беларусь вядзе аналягічныя перамовы, — Эстонія і Ўкраіна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы могуць разьлічваць на пэнсію з Чэхіі. На чарзе Польшча