Фэйсбук аштрафавалі на рэкордныя 5 мільярдаў даляраў

Кампанія Facebook мусіць заплаціць штраф у 5 мільярдаў даляраў за ўцечку асабістых дадзеных карыстальнікаў, паведамілі ў Фэдэральнай камісіі ЗША па гандлі.

Камісія расьсьледавала абвінавачваньні на адрас Facebook у абмене інфармацыяй, якая належыць 87 мільёнам карыстальнікаў, з ужо не існуючай брытанскай кансалтынгавай палітычнай фірмай Cambridge Analytica.

Фэдэральная гандлёвая камісія ЗША (ФГК) абвясьціла, што дасягнула з Facebook пагадненьня, у рамках якога сацыяльная сетка выплаціць штраф у 5 мільярдаў даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Facebook патрабуюць зьняць Цукербэрга з пасады кіраўніка

Урэгуляваньне ўключае ўрадавыя абмежаваньні і кантроль за тым, як Facebook абыходзіцца з канфідэнцыйнымі дадзенымі карыстальнікаў. Гэта найбуйнейшы грамадзянскі штраф, накладзены ФГК за ўсю яе гісторыю на тэхналягічную кампанію.