Расея актыўна ўмешвалася ў выбары 2016 году, — справаздача Сэнату ЗША

Былы спэцпракурор ЗША Робэрт Мюлер перад даваньнем паказаньняў у двух камітэтах Кангрэсу ЗША аб умяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў 2016 годзе. 24 ліпеня 2019 году

Камітэт выведкі Сэнату ЗША апублікаваў 25 ліпеня даклад аб умяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары 2016 году.

У справаздачы Сэнату, а таксама ў дакладзе спэцыяльнага пракурора Робэрта Мюлера, робіцца выснова, што ўмяшаньне Расеі ва ўнутраныя палітычныя працэсы ЗША ў 2016 годзе ня ёсьць ізаляванай зьявай і што Крэмль працягвае сваю падрыўную дзейнасьць з мэтай уплыву на прэзыдэнцкія выбары ў 2020 годзе.

У справаздачы Сэнату ўвага засяроджаная на намаганьнях Масквы зламаць кампутэрную сыстэму Дэмакратычнай партыі, кампаніі дэзынфармацыі ў сацыяльных сетках з мэтай пасеяць разлад паміж выбарнікамі ЗША, а таксама на аналізе бясьпекі кампутарнай інфраструктуры выбарчай сыстэмы на ўзроўні штатаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мюлер: «Мы зможам выставіць Трампу абвінавачваньні ў перашкодзе правасудзьдзю, калі ён пакіне пасаду прэзыдэнта»

Камітэт Сэнату і Міністэрства нацыянальнай бясьпекі прыйшлі да высновы, што расейскія хакеры праніклі ў выбарчыя сыстэмы 21 штата, аднак доказаў маніпуляцыі вынікамі выбараў у гэтых штатах расьсьледаваньне ня выявіла.

У справаздачы адзначаецца, што Масква скарысталася непадрыхтаванасьцю адпаведных службаў на ўзроўні штатаў. Спэцслужбам ЗША рэкамэндуецца ўдзяляць асаблівую ўвагу адсочваньню патэнцыйных кібэратак, а Міністэрства ўнутранай бясьпекі павінна забясьпечыць надзейныя пастаянныя кантакты паміж структурамі фэдэральнага ўраду і штатаў.

Сярод іншых рэкамэндацый Камітэту выведкі — дадатковае фінансаваньне захадаў бясьпекі, бо выдзеленых 380 мільёнаў даляраў недастаткова.