500 рублёў атрымае праз суд удзельнік курапацкай варты. На яго наехаў аўтамабіль каля рэстарана «Поедем поедим»

Леанід Кулакоў каля рэстарана «Поедем поедим» у Курапатах, архіўнае фота 2018 году

Злата Савостава, якая наехала на актывіста Леаніда Кулакова каля рэстарана «Поедем поедим»​, ніякай адказнасьці не панесла. Усе грошы заплаціць яе маці Сьвятлана.

Інцыдэнт адбыўся 27 чэрвеня 2018 году. 29-гадовая Злата Савостава на аўтамабілі «Таёта» на вялікай хуткасьці наехала на Леаніда Кулакова і зьехала зь месца здарэньня, ня выклікаўшы ні хуткую дапамогу, ні ДАІ.

Леанід Кулакоў у судзе

Лекары 6-га шпіталя пацьвердзілі, што ў Кулакова была зламаная рука. Але судова-мэдыцынская экспэртыза пералом адмаўляе.

30 ліпеня суд Першамайскага раёну сталіцы вынес рашэньне: маці наехаўшай на Кулакова Златы Савоставай, уладальніца «Таёты» Сьвятлана Савостава павінна аплаціць Леаніду Кулакову маральную шкоду ў суме 500 рублёў, яшчэ 34 рублі за правядзеньне экспэртызы і 76 рублёў судовых затрат.

Сьвятлана Савостава ў судзе

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каля рэстарацыі «Поедем поедим» аўтамабіль зьбіў актывіста Леаніда Кулакова. У яго пералом рукі

Першае судовае паседжаньне ў справе адбылося яшчэ 15 студзеня, але двойчы судзьдзя Натальля Пётух прызначала новыя экспэртызы.

Спачатку суд прапанаваў Кулакову прайсьці абсьледаваньне ў Галоўным упраўленьні складаных судовых экспэртыз Дзяржкамітэту судовых экспэртыз. Гэта паслуга платная, каштуе 1870 рублёў. Грошы на яе сабралі сябры і паплечнікі Леаніда Кулакова. Месяц таму судом быў прызначаны новы экспэрт, загадчык аддзяленьня рэнтгену вайсковага шпіталя Ўладзімер Александровіч.

Кулакоў: «Я 7 тыдняў хадзіў з гіпсам, праз траўму не магу ўладакавацца на працу»

​На заключнае судовае паседжаньне пазваная Злата Савостава не зьявілася, яе інтарэсы ў судзе прадстаўляюць бабка Надзея і маці Сьвятлана Савоставай. Маці падчас наезду была ў аўтамабілі на пасажырскім сядзеньні.

Леанід Кулакоў пасьля суду

Кулакоў расказаў, што 7 тыдняў хадзіў з гіпсам, рука пастаянна балела, ад болю ён ня мог спаць, нічога рабіць. Ён жыве адзін, таму было цяжка сябе абслугоўваць. Пасьля таго, як зьнялі гіпс, рука працягвала балець, цяпер яна не згінаецца, пастаянна баліць у локцевым суставе. Ён зьбіраў грошы на экспэртызы, меў шмат выдаткаў, таму і ацэньвае свае маральныя і фізычныя пакуты ў 120 тысяч рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каб вызначыць, ці зламалі яму руку, абаронца Курапатаў мусіць сплаціць амаль 2 тысячы рублёў

Леанід Кулакоў падкрэсьліў, што наезд быў не выпадковым, а наўмысным, наехалі на яго «са сьмехам». Патлумачыў, чаму не працуе з 2017 году: яго звольнілі са службы таксі, калі ён быў затрыманы за ўдзел у Дні Волі. Цяпер ня можа ўладкавацца нават вартаўніком ці грузчыкам.

Прадстаўнік прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, які абараняў Кулакова, заявіў, што праз траўму Леанід ня можа знайсьці працу, бо паўсюль патрабуюць заключэньні мэдкамісіі.

Бабуля Златы Савоставай: «Кулакова пастаянна паказваюць на „Белсаце“​, як зорку, як ахвяру»

Бабуля Надзея Савостава мяркуе, што Кулакоў перабольшвае свае пакуты і боль і толькі вымагае грошы.

Надзея Савостава ў судзе

«Спачатку Кулакоў патрабаваў 60 тысяч даляраў кампэнсацыі, потым — 6 тысяч. Ён не працуе ў 56 гадоў не таму, што ня можа ўладкавацца, а таму, што ня хоча, у яго такі лад жыцьця. Можа працаваць вартаўніком з такой траўмай. Кулакова пастаянна паказваюць на „Белсаце“, як зорку, як ахвяру», — кажа бабуля пазванай.

Надзея Савостава ня ўтойвала эмоцый і заявіла, што мэта ў Кулакова — атрымаць інваліднасьць і спагнаць грошы зь яе ўнучкі Златы Савоставай.

«Гэта відавочна. Экспэртызы пацьвярджаюць, што не было ні наезду, ні пераломаў. Злата была шакаваная — яна бачыла такі кашмар! У яе на нэрвовай глебе дагэтуль вока торгаецца. Злата дзяўчына выхаваная і адукаваная, у яе дзьве замежныя адукацыі. А Кулакоў — афэрыст. Як можна так жыць? Яна публічна папрасіла прабачэньня ў судзе перад Кулаковым», — кажа бабуля Савоставай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абаронцу Курапатаў, на якога наехаў музыка рэстарацыі «Поедем поедим», зьмясьцілі ў ізалятар

Маці пазванай Сьвятлана Савостава заявіла, што яна не заўважыла, як аўтамабіль наехаў на Кулакова, і даведалася пра гэта ўжо каля дома, калі машыну спыніла ДАІ. Яна таксама адзначыла, што прасіла прабачэньня ў Кулакова і спрабавала дамовіцца, але безвынікова.

З 1 чэрвеня 2018 году актывісты нясуць варту каля месца забойства і пахаваньня дзясяткаў тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах. Яны пратэстуюць супраць пабудовы і працы ў месцы рэпрэсій забаўляльнага комплексу «Поедем поедим».

Каля рэстарацыі «Поедем поедим» аўтамабіль зьбіў актывіста Леаніда Кулакова. У яго быў пералом рукі. Інцыдэнт адбыўся 27 чэрвеня каля 17 гадзіны падчас пікетаваньня рэстарацыі. Пра здарэньне Свабодзе паведаміў сустаршыня БХД Павал Севярынец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Абзываўся „жы...мі“ і зрываў бел-чырвона-белы сьцяг» — Чарговая бойка ля Курапатаў

Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. ​Што важна ведаць

Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.

З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.

Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ

​1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.

З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.

Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.

За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.

Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.

20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.

​7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго

Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.

Your browser doesn’t support HTML5

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць

Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты