«Няхай будуюць побач з райвыканкамам». Лагайчане супраць заводу па вырабе катлет для McDonalds. ФОТА

Выступае мясцовая жыхарка Ірына Вярбіцкая

«У жылой зоне, у цэнтры гораду паставіць завод. Да вокнаў жылога дома ад заводу будзе 31 мэтар», — 1 жніўня ў Лагойску прайшоў сход. Абмяркоўвалі справаздачу аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе перапрацоўчага заводу мясных паўфабрыкатаў глыбокай замарозкі.

На сходзе зарэгістраваліся 48 чалавек. Усе жыхары былі супраць.

Супраць заводу сабралі 500 подпісаў

Мясцовыя жыхары накіравалі лісты Аляксандру Лукашэнку і Натальлі Качанавай, аднак адказу пакуль не атрымалі. Яны супраць будаўніцтва заводу побач з жылой забудовай.

Ірына Вярбіцкая, на пэнсіі, працуе ў прыватнай кампаніі. Яна паказала карэспандэнту Свабоды абраную пляцоўку.

«Калі гэта экалягічна чыстае прадпрыемства, няхай сябе паставяць на плошчы перад райвыканкамам. Там побач рэстаран, вось няхай туды катлеткі і ідуць. Альбо каля сваіх дамоў. Чамусьці ніводзін работнік райвыканкаму тут сабе ўчастак ня ўзяў і не пабудаваўся. Усе пабудаваліся ў мікрараёне Зялёны Луг».

Ірына Вярбіцкая

Жанчына кажа, што некаторыя жыхары не прыйшлі на абмеркаваньне, бо іх паабяцалі «ўзяць на аловак», а людзі баяцца страціць працу.

«У жылой зоне, у цэнтры гораду паставіць завод. Да вокнаў дома мясцовага жыхара Ўладзімера Казлова ад заводу будзе 31 мэтар. Пра якую санітарна-ахоўную зону можа ісьці гаворка? — абураецца жанчына. — Людзі ня супраць самога заводу, няхай моладзь працуе. Але толькі не на гэтым пятачку. Мы жывём у прамзоне. Тут прадпрыемства па апрацоўцы граніту, „Гаргаз“, „Аўтабаза“, клінінгавая кампанія, прадпрыемства па выпуску плястыку, там далей „Лекфарм“. А прыкладна за 300 мэтраў выдзеленыя ўчасткі пад шматкватэрныя дамы».

Тут плянуюць пабудаваць завод

«Выйдзем і ляжам на гэтае поле»

На сходзе жыхары наўпрост зьвярталіся да заказчыка праекту — дырэктара ТАА «Фуд Таўн Бел» Максіма Вяткіна. Вось што яны казалі:

— Знайдзіце іншы ўчастак. Не ідзіце супраць народу. Вы будзеце шкадаваць, у вас тут ня будзе вытворчасьці.

— Ды пасадзіце на гэтым месцы парк для народу.

— Адумайцеся, пакуль ня позна. Калі яны пасьмеюць паставіць завод, выйдзем і ляжам на гэтае поле. Нельга нас прыніжаць.

Падчас сходу

— Мой дом трохі вышэй. Вы будзеце браць ваду з гэтых жа труб, якімі мы карыстаемся. Цяпер вада да нас не даходзіць, а перапрацаваць 16 тон мяса — дзе браць ваду? У нас трубы рвуцца бясконца. Мы фільтры мяняем раз за разам. Ва ўнітаз глянуць сорамна.

— У раёне ўлада бюракратычная.Трэба, каб кіраўнікі думалі пра народ і не былі дачасьнікамі. Прапаную выканаўчай уладзе перагледзець гэтае пытаньне.

Як рэагавалі ўлады?

На сходзе былі намесьнік старшыні камітэту эканомікі Менаблвыканкаму Аляксандар Рулькевіч і намесьнік старшыні Лагойскага райвыканкаму Аляксандар Бойка.

«Я захацеў жыць далей ад заводаў, таму купіў сабе ўчастак і пераехаў у вёску», — сказаў галоўны ўрач Лагойскага раёну Юры Будзько. На яго думку, ужо з назвы вуліцы Заводзкай вынікала, што тут будуць будаваць заводы.

Галоўны інжынэр Лагойскага камгасу сказаў, што «сілкавацца прадпрыемства будзе ад цэнтральнага вадавода, а не ад пэрыфэрыйных сетак».

«Водазабесьпячэньне заводу не адабʼецца на насельніцтве», — сказаў ён.

«Катлеты і нарэзаны бэкон» — дзеля чаго гэтае будаўніцтва

На заводзе ў Лагойску мяркуюць выпускаць сечаныя ялавічныя катлеты і нарэзаны бэкон. Асноўным спажыўцом такой прадукцыі будзе сетка грамадзкага харчаваньня хуткага абслугоўваньня — McDonaldʼs, гатэлі, рэстараны і кафэ. Таксама ва ўпакоўцы яна можа пастаўляцца ў крамы. Цяпер у Беларусі такая прадукцыя не выпускаецца, сказаў дырэктар ТАА «Фуд Таўн Бел» Максім Вяткін.

Максім Вяткін

Плянуецца пабудаваць вытворчае памяшканьне 57 на 30 мэтраў, агульнай плошчай па пэрымэтры 1800 квадратных мэтраў, з адпаведнай інфраструктурай. Максымальная магутнасьць вытворчасьці — 16 тон у суткі. Агульная колькасьць пэрсаналу пры максымальнай загрузцы — 30 чалавек.

Паводле Вяткіна, рашэньне аб рэалізацыі праекту было прынята пасьля перамоваў з урадам Беларусі, які выказаў зацікаўленасьць у лякалізацыі вытворчасьці і паглыбленьні перапрацоўкі беларускай сыравіны.

«Пры садзейнічаньні Менскага аблвыканкаму было разгледжана некалькі дзясяткаў варыянтаў зямельных участкаў у гарадах Меншчыны. Найлепшым аказаўся ў Лагойску на перасячэньні вуліц Заводзкай і Індустрыяльнай. „Фуд Таўн Бел“ і Менскі аблвыканкам у ліпені 2018 году падпісалі інвэстыцыйную дамову. Падатковыя паступленьні на пачатковым этапе ў раённы бюджэт складуць каля 2 мільёнаў рублёў у год. Тэрмін рэалізацыі праекту — чэрвень 2020 году».

Плян забудовы

Паводле Максіма Вяткіна, праект распрацаваны па эўрапейскіх стандартах. Гэтага патрабуе супрацоўніцтва з такімі кампаніямі, як McDonaldʼs.

На вытворчасьці ня будзе ўбою і абвалкі. Сыравіна — ахалоджаная замарожаная ялавічына бяз косткі — будзе пастаўляецца грузавым транспартам у кантэйнэрах. Гэта 1–2 машыны ў суткі. Паколькі вытворчасьць безадходная, то адгрузка гатовай прадукцыі таксама складзе 1–2 машыны ў дзень.

«Стандарты харчовай бясьпекі мы будзем пашыраць»

На сходзе на баку інвэстара выступіў экспэрт па пытаньнях будаўніцтва прадпрыемстваў па перапрацоўцы і выпуску прадуктаў харчаваньня Ўладзімір Борас.

Ён кiруе кансалтынгавай кампанiяй QSC у Аўстрыi, якая распрацоўвае тэхналогію для праекта «Фуд Таўн Бел». Як паведамілі Свабодзе ў кампаніі «Фуд Таўн Бел», спадар Борас мае багаты вопыт рэалізацыі такіх праектаў у Эўропе і за яе межамі.

Уладзімір Борас (у першым шэрагу пасярэдзіне)

Ён быў запрошаны кіраўніцтвам «Фуд Таўн Бел», каб прыняць удзел у сходзе і адказаць на магчымыя пытаньні жыхароў, якія тычацца новай тэхналёгіі, якая будзе выкарыстоўвацца, ды аховы навакольнага асяроддзя з улікам эўрапейскага вопыту.

Ўладзімір Борас сказаў, што праекты падобных вытворчасьцяў рэалізаваныя ў 17 краінах.

«Гэтая тэхналёгія эўрапейская і самая сучасная. І зьвязана гэта ня толькі зь перапрацоўкай катлет. Стандарты харчовай бясьпекі прадпрыемства будзе пашыраць, бо трэба цесна каапэравацца з пастаўшчыкамі сыравіны, у прыватнасьці са Слонімскім мясакамбінатам і іншымі. І далей ісьці ў фэрмэрскія, сельскія гаспадаркі».

Паводле Ўладзімера Бораса, Беларусі «немэтазгодна пастаўляць сыравіну суседзям, а потым атрымліваць назад гатовы прадукт».

На пярэчаньні мясцовых жыхароў Максім Вяткін адказаў, што пакуль будуць ісьці спрэчкі, дзе пабудаваць завод, «мы будзем і далей эканамічна сыходзіць уніз».

Максім Вяткін

«Тады як іншыя краіны вакол нас будуць ісьці ўверх. І што мы пакінем нашым дзецям? Краіну, якая эканамічна разьвіваецца — ці якая ідзе ў заняпад?»

Эколяг, прадстаўніца кампаніі «Энэка» Ганна Вікторчык, якая рыхтавала на замову кампаніі «Фуд Таўн Бел» «Справаздачу аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе», паабяцала, што, згодна з разьлікамі, ніякіх перавышэньняў па выкідах, па шумавым узьдзеяньні ад новага прадпрыемства ня будзе.

Ганна Вікторчык

Што вядома пра кампанію «Фуд Таўн Бел»

Асноўны від дзейнасьці «Фуд Таўн Бел» — перапрацоўваньне мяса, вытворчасьць мясных паўфабрыкатаў глыбокага замарожваньня. Яе дырэктар Максім Вяткін раней быў начальнікам аддзелу разьвіцьця і будаўніцтва McDonaldʼs у Беларусі.

15 рэстаранамі McDonaldʼs у Менску і Віцебску кіруе ўнітарнае прадпрыемства «КСБ Віктары Рэстараны». З 2012 году ўладальнік франшызы McDonaldʼs у Беларусі — уплывовы казахстанскі бізнэсовец Кайрат Баранбаеў. У 2016 годзе ён заявіў пра пляны адкрыць фуд-таўн у Беларусі і Казахстане.

У 2013 годзе дачка Кайрата Баранбаева Аліма выйшла замуж за Айсултана Назарбаева, унука экс-прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева.

Цяперашнія пастаўшчыкі McDonaldʼs у Беларусі

Паводле сайту mcdonalds.by, большасьць цяперашніх пастаўшчыкоў беларускага McDonaldʼs знаходзяцца за межамі Беларусі.

Катлеты зь ялавічыны вырабляе расейская кампанія «МаррРуссия» (ялавічыну для яе пастаўляе Слонімскі мясакамбінат),

  • бульбу пастаўляе польская фабрыка Farm Frites,
  • рэзаныя салаты — расейская «Белая Дача Трейдинг»,
  • курыныя яйкі — Салігорская птушкафабрыка,
  • булачкі — расейская сетка хлебапякарняў East Balt Bakeries,
  • каву — фінская кампанія Paulig, якая мае заводы ў тым ліку ў Расеі,
  • аднаразовы посуд — расейскае падразьдзяленьне кампаніі Huhtamaki.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У нас усё па законе, а яны бунтуюць». Жыхары Заслаўя супраць заводаў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Омск Карбон Магілёў» зьбіраецца запусьціцца. Мясцовыя жыхары кажуць, што гэта будзе «швах»