Іран паведаміў пра захоп трэцяга танкера

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Іранскі катэр абыходзіць танкер Stena Impero, ліпень 2019 году

Некалькі дзён таму Іран захапіў замежны нафтавы танкер і сем чалавек ягонага экіпажу, паведамілі ў нядзелю іранскія дзяржаўныя СМІ. Гэта ўжо трэці выпадак менш чым за месяц, калі Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) затрымлівае судна, паведамляе «Голас Амэрыкі».

У заяве КВІР гаворыцца, што яны захапілі судна ўвечары ў сераду ў раёне вострава Фарсі, на поўнач ад пратокі Армуз. Афіцыйнае інфармагенцтва IRNA паведаміла са спасылкай на КВІР, што судна перавозіла 700 тысяч літраў кантрабанднага іранскага паліва, якое было перагружана на яго з іншых суднаў і перавозілася ў «арабскія краіны Пэрсідзкай затокі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO заклікае Іран вызваліць экіпажы захопленых танкераў

У паведамленьні пра захоп не ўдакладнялася, чаму іранскае паліва перавозілася ў арабскія дзяржавы Пэрсідзкай затокі, якія самі вырабляюць энэрганосьбіты. Аднак Тэгеран занепакоены кантрабандай свайго галоўнага тавару на фоне эканамічных санкцыяў ЗША, накіраваных на зьніжэньне аб’ёмаў яго міжнароднага гандлю нафтай.

У ліпені іранскія СМІ паведамлялі, што каля 8 мільёнаў літраў субсыдыяванай урадам нафты штодня незаконна перавозіцца ў краіны з больш высокімі цэнамі на нафту.

У іранскіх паведамленьнях не пазначана ні назва захопленага судна, ні грамадзянства затрыманых чальцоў экіпажу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран паведаміў, што «канфіскаваў» брытанскі танкер

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іран захапіў танкер ў Пэрсыдзкай затоцы