У дзень пратэстаў у Маскве пройдзе турнір аўтазакаў

Падчас акцыі ў падтрымку Аляксея Навальнага ў Маскве. Ілюстрацыйнае фота.

Расейская фэдэральная служба выкананьня пакараньняў у дзень пратэстаў у Маскве 10 жніўня правядзе маштабны турнір па кіраваньню аўтазакамі — аўтамабілямі для перавозкі затрыманых і падазраваных, паведамляе агенцтва ТАСС.

«Удзельнікі прадэманструюць навыкі манэўраваньня зь перашкодамі ва ўмовах гораду, веданьне правілаў дарожнага руху і навыкі стральбы», — паведамляе агенцтва.

Турнір заплянаваны ў аддаленым раёне Масквы, удакладняе Настоящее время. Ён праводзіцца ўжо трэці год запар, паведамляе ТАСС. Ён прымеркаваны да Дня транспартнай службы крымінальна-выканаўчай сыстэмы, заснаваны ў 2017 годзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтазакі ў цэнтры Менску на Дзень Волі. ФАТАФАКТ

На праспэкце Сахарава ў цэнтры Масквы 10 жніўня пройдзе дазволены мітынг у падтрымку палітыкаў, якіх Маскоўскі выбаркам не дапусьціў да выбараў. Гэта першы масавы мітынг за апошнія некалькі тыдняў, які ўлады Масквы дазволілі правесьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плюшавы дэсант і аўтазакі ўвайшлі ў слоўнік беларускага слэнгу

Нягледзячы на тое, што мэрыя Масквы дазволіла мерапрыемства, яна забараніла выступаць на ім рэпэру Face, а таксама гуртам «Кровосток» і IC3PEAK, папярэдзіўшы, што калі на мітынгу будзе музыка, то дазвол на акцыю будзе адменены. Аднак арганізатары акцыі заявілі, што ня будуць адмяняць выступ музыкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нібы азьвярэлі». Як у Маскве жорстка разганялі мітынг за допуск апазыцыі на выбары

Папярэднія акцыі 27 ліпеня і 3 жніўня не былі ўзгодненымі. Паліцыя і Расгвардыя іх жорстка разагналі, затрымаўшы больш за дзьве тысячы чалавек, арыштаваўшы і аштрафаваўшы некалькі сотняў. Таксама расейскі Сьледчы камітэт завёў пасьля гэтых акцый «справу аб масавых беспарадках». Па ёй ужо затрыманыя 12 чалавек.