Манітор за 10 рублёў. У блогера Пятрухіна арыштавалі маёмасьць

Сяргей Пятрухін, архіўнае фота

Судовыя выканаўцы ў межах крымінальнай справы арыштавалі маёмасьць берасьцейскага блогера Сяргея Пятрухіна, піша «Берасьцейская вясна». Чатыры адзінкі тэхнікі ацанілі ў 165 рублёў:

  • пральная машына Samsung 2007 году выпуску — 100 рублёў;
  • прынтэр Samsung узростам 18 гадоў — 50 рублёў (яго ўжо арыштоўвалі ў жніўні 2018 году);
  • няспраўная мікрахвалевая печ LG 2008 году (працаздольнасьць не правяралася) — 5 рублёў;
  • 17" манітор Samsung (працаздольнасьць не правяралася) — 10 рублёў.

Цэны запісаныя са слоў самога Пятрухіна, вынікае з пратаколу. Сам Пятрухін заявіў, што хацеў бы, каб гэтыя рэчы пайшлі «на карысьць ахвяраў злачынства — супрацоўнікаў Ленінскага РАУС». Ён мяркуе, што ад ягоных дзеяньняў найбольш пацярпеў міліцыянт Сяргей Ігнацюк, якога Пятрухін «мала таго, што назваў безвалосым, дык і абгаварыў на дадатак».

Пярухіна ў красавіку аштрафавалі на 14 950 рублёў за абразу чатырох міліцыянтаў. Ён не прызнаў сябе вінаватым.

Блогер Сяргей Пятрухін вядомы ў Берасьці асьвятленьнем тэмаў карупцыі, скаргаў на міліцыянтаў. Апошні год рэгулярна асьвятляе пратэсты супраць пабудовы акумулятарнага заводу пад Берасьцем. Праваабарончы цэнтар «Вясна» назваў суд над блогерам палітычна матываваным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб заткнуць рот, мяне трэба расстраляць». Блогер Пятрухін пра сваю крымінальную справу