Чытае Пальчыса і Шрайбмана. Што расказаў новы галоўны ідэоляг Беларусі

Андрэй Кунцэвіч, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 19 жніўня прызначыў Андрэя Кунцэвіча намесьнікам кіраўніка сваёй адміністрацыі, куратарам пытаньняў ідэалёгіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядзе Twitter, піша вершы па-беларуску. Пяць фактаў пра новага галоўнага ідэоляга Кунцэвіча

Парталу Tut.by удалося паразмаўляць з чыноўнікам пасьля прызначэньня. Андрэй Кунцэвіч расказаў, што:

  • прыедзе ў Менск ужо 21 жніўня і адразу прыступіць да працы;
  • будзе займацца ідэалёгіяй «пачынаючы ад журналістыкі і канчаючы лекцыямі ў ВНУ»;
  • на ягоную думку, ідэалёгія беларускай дзяржавы «ня можа нарадзіцца ў галаве аднаго чалавека»;
  • яна «павінна паходзіць і ад людзей» — і інтэлігенцыі, і «простых людзей»;
  • «у цэнтры ідэалёгіі будзе праца зь людзьмі»;
  • сёньня «шмат прыкладаў таго, што ўлады чуюць інтэлігенцыю»;
  • пра сябе заявіў, што «я не празаходні і не прарасейскі, я прабеларускі»;
  • што чытае і блогера Эдуарда Пальчыса (вядомага па сайце 1863x.com), і палітычнага аглядальніка Tut.by Арцёма Шрайбмана, і аўтара «СБ. Беларусь сегодня» Дзьмітрыя Крата (які, сярод іншага, хваліўся, што за «справай БелТА» назірае «са злараднасьцю», і называў падсудных «дамамі, зручнымі ў побыце»);
  • ці завядзе адміністрацыя Лукашэнкі акаўнт у Twitter ці Telegram, пакуль ня ведае;
  • гатовы асабіста «пайсьці ў людзі», асабліва да моладзі.

Аглядальнік Tut.by Арцём Шрайбман за дзень да таго пісаў пра свае сумненьні ў здольнасьці беларускіх уладаў выпрацаваць дзяржаўную ідэалёгію ці прынамсі бачаньне таго, «якую Беларусь яны хочуць бачыць праз 20 гадоў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як ідэоляг заклікаў верыць у Бога, а не ў БРСМ