«Чаго там хадзіць іншым людзям?» Як Dana Holdings зрабіла прыватнай вуліцу Станюты. ВІДЭА з дрона

Кампанія Dana Holdings дазволіла гімнастцы Меліціне Станюце і яе бацьку Дзьмітрыю прайсьці па вуліцы, названай у гонар іх славутай сваячкі — легенды беларускага тэатру Стэфаніі Станюты. Прадстаўнік кампаніі паабяцаў сям’і Станюты, што па папярэднім узгадненьні яны могуць сюды прыходзіць.

Раней ахова з КПП не пусьціла шматразовую мэдалістку чэмпіянатаў сьвету ў мастацкай гімнастыцы Меліціну Станюту на вуліцу ў Менску, якая носіць імя яе прабабулі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гімнастку Станюту не пусьцілі на вуліцу імя яе прабабулі

Як піша партал Tut.by, старшыня рады дырэктараў Dana Holdings Вібар Муліч патлумачыў, што агароджа і КПП, якія перакрываюць уваход на вуліцу, усталяваныя па рашэньні жыхароў элітнага пасёлка «дзеля бясьпекі». Паводле Муліча, «для іншых грамадзянаў вуліца не нясе функцыі».

У элітным пасёлку на вуліцы Стэфаніі Станюты зарэгістравана 14 катэджаў, якія ў 2015 годзе пабудавала Dana Holdings. Паводле Адзінага дзяржрэгістра нерухомай маёмасьці, права ўласнасьці на іх належыць замежнай кампаніі «Дана Астра», зямельныя ўчасткі выдадзеныя ў арэнду на 98–99 гадоў.

Your browser doesn’t support HTML5

«Гэта ня вуліца». Менскія ўлады ня могуць патлумачыць, чаму нельга гуляць па вуліцы Станюты

Участак з забудовай амаль у 4 га адносіцца да «земляў населеных пунктаў, садаводчых таварыстваў, дачных каапэратываў». Ён выкарыстоўваецца для эксплюатацыі і абслугоўваньня будынка на Станюты, 12, спартыўных аб’ектаў і пад’язных шляхоў да жылога масіву ў раёне аднайменнай вуліцы.

Сайту onliner.by у адміністрацыі Савецкага раёна Менску паведамілі, што па пытаньнях доступу на тэрыторыю катэджнага пасёлка неабходна зьвяртацца ў ЗТАА «Дана Астра» і спажывецкі каапэратыў па добраўпарадкаваньні і абслугоўваньні «Новае кальцо».

Але ці можна зачыніць ад людзей цэлую вуліцу, ды яшчэ названую ў гонар легенды беларускага тэатру?

Адкуль вуліца Станюты?

Паведамленьні пра тое, што ў Менску будзе вуліца Стэфаніі Станюты, зьявіліся ў 2014 годзе. Рашэньне прымалася на 5-й сэсіі Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў 27-га скліканьня.

Стэфанія Станюта, 1984 год

Вуліцы, паводле артыкула 7 Кодэксу Рэспублікі Беларусь аб зямлі, адносяцца да земляў агульнага карыстаньня. Гэтаксама як праспэкты, плошчы, праезды, набярэжныя, бульвары, сквэры, паркі і іншыя грамадзкія месцы.

Вуліца імя Стэфаніі Станюты ў Савецкім раёне Менску таксама занесеная ў афіцыйны каталёг вуліц, які разьмешчаны на сайце менскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры.

У адміністрацыі раёна нічога ня кажуць

Аднак цяпер жыхар Менску можа зрабіць па вуліцы Стэфаніі Станюты толькі 14 крокаў. Далей дарогу перакрывае глухая, высокая агароджа, зачыненая брама, тут жа некалькі відэакамэр і пост аховы.

У кіраўніцтве адміністрацыі Савецкага раёну Менску на пытаньне, чаму вуліца Стэфаніі Станюты закрытая для гараджанаў, карэспандэнту Свабоды не далі адказу.

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Максім Сакалоў сказаў, што «нават не разумее, пра што ідзе гаворка».

«Я не адказваю за вуліцы, гэта не маё пытаньне», — сказаў ён.

Не адказала на пытаньне і першая намесьніца кіраўніка адміністрацыі Ала Санкоўская.

Кіраўнік упраўленьня ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Віталь Адамовіч сказаў, што камэнтары па гэтым пытаньні дае першая намесьніца кіраўніка адміністрацыі, а ён асабіста «нічога ня можа сказаць». Пры гэтым ён адзначыў: «Я ня думаю, што гэта сакрэтная вуліца».

Раней на публічнай карце, разьмешчанай на сайце адміністрацыі Савецкага раёну, значылася, што гэтая тэрыторыя «замацаваная» за Расейскай Фэдэрацыяй. Пасьля публікацый у мэдыя чыноўнікі зьняпраўдзілі гэтую інфармацыю і пазначылі, што ўчастак аддадзены ў арэнду кампаніі «Дана Астра».

У Менгарвыканкаме пасылаюць да раённай адміністрацыі

Намесьніца камітэту землеўпарадкаваньня Менгарвыканкаму Ганна Дубкова пацьвердзіла карэспандэнту Свабоды, што ўчастак выдзелены ў арэнду «Дана Астры», за Расейскай Фэдэрацыяй ён не замацаваны, гэтаксама як і суседні ўчастак па вуліцы Кальцова.

Яна сказала, што зямельны ўчастак з пад’язной вуліцай прызначаны «для абслугоўваньня і эксплюатацыі будынка неўстаноўленага прызначэньня, спартыўных аб’ектаў і пад’язных шляхоў да жылога масіву ў раёне вуліцы Стэфаніі Станюты ў Менску».

«Добраўпарадкаваньне і дазвол ставіць агароджу, магчыма, прапісаныя ў праектнай дакумэнтацыі. Калі ў праектнай дакумэнтацыі ёсьць агароджа і яна ўзгодненая Менгарвыканкамам, то паставіць агароджу яны могуць нават без дазволу адміністрацыі раёну. Калі гэтага няма ў праектнай дакумэнтацыі, але землекарыстальнік хоча агарадзіць свой зямельны ўчастак і не дапускаць, напрыклад, псаваньня сваёй маёмасьці, то ён можа зьвярнуцца ў адміністрацыю раёну. І адміністрацыя раёну дае дазвол на ўсталяваньне агароджы, шлягбаўма, нейкіх замыкальных прыстасаваньняў у рамках правядзеньня добраўпарадкаваньня», — сказала Ганна Дубкова.

Таму, паводле Ганны Дубковай, «адміністрацыя раёну павінна гэта ўсё ведаць». Бо менавіта мясцовая адміністрацыя займаецца добраўпарадкаваньнем і агароджваньнем тэрыторыі.

На тэрыторыі агульнага карыстаньня паставіць агароджу нельга. Паводле Ганны Дубковай, згаданы ўчастак не належыць да земляў агульнага карыстаньня, а гэта «ўчастак, які прадстаўлены для абслугоўваньня аб’екта».

«Чаго там хадзіць іншым людзям?»

«Вуліца ідзе паралельна, гэта вуліца Кальцова. Тут ужо землі агульнага карыстаньня (насамрэч, доступ да часткі вуліцы Кальцова, якая ідзе паралельна вуліцы Станюты, таксама абмежаваны. — РС.), далей ідуць катэджы, гэта ўчасткі для абслугоўваньня дамоў».

На заўвагу, што на агароджы вісіць шыльда «вуліца Стэфаніі Станюты», Ганна Дубкова сказала:

«Я думаю, што яны надалі ёй статус вуліцы, каб зрабіць адрасацыю дамоў. Бо дом жа ня можа быць бяз адрасу, гэтыя пабудаваныя катэджы».

Дык чаму так атрымліваецца, што вуліца нібыта і ёсьць, а гараджанам туды ня трапіць? Або яна не належыць гораду?

«Вуліца Стэфаніі Станюты ідзе да пэўнага аб’екта. Гэта як пад’язны шлях да аб’екта. Чаго там хадзіць іншым людзям, я, шчыра кажучы, не разумею, я ня бачу сэнсу. Яна закрытая, яна закальцаваная, праходу некуды далей зь яе няма!» — сказала прадстаўніца камітэту землеўпарадкаваньня Менгарвыканкаму.

«Dana Holdings»: зямля выдзеленая афіцыйна пад забудову

У кампаніі «Dana Holdings», куды ўваходзіць «Дана Астра», на пытаньні карэспандэнта Свабоды адносна вуліцы Стэфаніі Станюты таксама не адказалі.

«Пакуль я не атрымала камэнтар ад кіраўніцтва. Я запішу ваш тэлефон і ператэлефаную, калі атрымаю якую-небудзь інфармацыю, — сказала кіраўніца кантакт-цэнтру Тацяна Скварчэўская. — Наогул, зямля выдзеленая афіцыйна пад забудову. Але пакуль нічога не магу вам пракамэнтаваць».

Dana Holdings — кампанія-забудоўнік многіх вялікіх аб'ектаў у Менску, падкантрольная сэрбскім бізнэсоўцам братам Багалюбу і Драгаміру Карычам, асабіста знаёмым з Лукашэнкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З грамадзтвам абмяркуюць амаль дабудаваны рэстаран каля заказьніка «Лебядзіны». Гэта законна? ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самі вінаватыя. Ці могуць людзі нешта зрабіць, калі новабудоўля закрывае ім белы сьвет?