Ва Ўкраіне назвалі дату сустрэчы Зяленскага з Лукашэнкам

Сустрэча прэзыдэнтаў Беларусі і Ўкраіны Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага адбудзецца 4 кастрычніка ў Жытоміры.

Як паведамілі Свабодзе ў Гандлёва-прамысловай палаце Ўкраіны, 4 кастрычніка кіраўнікі дзяржаў возьмуць удзел у пленарным пасяджэньні другога Форуму рэгіёнаў Украіны і Беларусі.

Напярэдадні, 3 кастрычніка, на Саборнай плошчы абласнога цэнтру Ўкраіны адкрыецца выстаўка тэхнікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У межах форуму заплянаваныя сустрэчы прадстаўнікоў дзелавых колаў дзьвюх краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пажадаў Зяленскаму здароўя, а Ўкраіне — міру

Першы Форум рэгіёнаў Украіны і Беларусі прайшоў летась 26 кастрычніка ў Гомлі. Тады, вітаючы прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнку, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Гомель «нічым не адрозьніваецца ад цудоўных украінскіх гарадоў». Пятро Парашэнка ў сваю чаргу назваў беларуска-украінскую мяжу «мяжой дружбы».

У часе першага форуму Беларусь і Ўкраіна падпісалі некалькі двухбаковых дакумэнтаў — аб супрацоўніцтве ў галіне турызму, плян кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў, а таксама пагадненьне аб рэадмісіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка павіншаваў Зяленскага. Хоць казаў, што пераможа Парашэнка
  • Пагадненьне аб рэадмісіі вызначае ўзаемныя абавязаньні дзяржаў прымаць на сваю тэрыторыю сваіх грамадзян, а таксама грамадзян трэціх краін і асобаў без грамадзянства, якія незаконна ўехалі на іхнюю тэрыторыю або незаконна знаходзяцца на ёй. Што праўда, гэты дакумэнт Вярхоўная Рада Ўкраіны пакуль не ратыфікавала.