Дзяржсакратар Савету бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась, гаворачы пра сустрэчу сакратароў Радаў бясьпекі Беларусі, Польшчы і Ўкраіны з дарадцам прэзыдэнта Злучаных Штатаў у нацыянальнай бясьпецы ў Варшаве, заклікаў «не шукаць у гэтай сустрэчы схаваных сэнсаў, ня строіць кансьпіралягічных тэорыяў», паведамляе БелТА.
Зась адзначыў, што ініцыятарамі сустрэчы былі «замежныя калегі», і яна «цалкам упісваецца ў менскія ініцыятывы для пашырэньня міжнароднага дыялёгу».
Тая сустрэча з Джонам Болтанам, пра якую кажа Зась, прайшла 31 жніўня. Тады дарадца Трампа казаў, што ЗША, Беларусь, Польшча і Ўкраіна «падзяляюць агульныя праблемы з нагоды стабільнасьці ў рэгіёне і імкнуцца да ўмацаваньня сувэрэнітэту і бясьпекі нашых дзяржаў». Сустрэча прайшла на наступны дзень пасьля перамоваў Болтана з Аляксандрам Лукашэнкам.
Зась адзначыў, што на перамовах у Варшаве не было прынята канкрэтных рашэньняў наконт сытуацыі ва Ўкраіне, але там абмяркоўвалі, як падвысіць эфэктыўнасьць перамоваў у «нармандзкім фармаце» і прапанаванае беларускім бокам далучэньне ЗША да гэтых перамоваў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ход Засем. Што сакратар Савету бясьпекі Беларусі рабіў у ВаршавеVery pleased to start a conversation among my Polish, Ukrainian, and Belarusian counterparts in Warsaw today. We share common concerns over regional stability and are committed to strengthening the sovereignty and security of our nations. pic.twitter.com/CW97ZtETmc
— John Bolton (@AmbJohnBolton) August 31, 2019
Гэта трэці раз за тыдзень, калі беларускія ўлады просяць ня строіць кансьпіралягічных тэорыяў вакол замежнай палітыкі Беларусі.
- Першы раз — вуснамі прэс-сакратара Міністэрства замежных справаў 29 жніўня з нагоды таго, што Аляксандар Лукашэнка не паехаў у Польшчу на гадавіну пачатку Другой сусьветнай вайны (МЗС зьвязвала гэта з тым, што «у Варшаву не былі запрошаныя Казахстан, краіны Цэнтральнай Азіі, Расея»).
- Другі раз — вуснамі міністра замежных справаў 30 жніўня з нагоды ўласна візыту Болтана ў Беларусь. Уладзімер Макей зноў выказаўся пра той візыт 3 верасьня — адзначыў, што ў час перамоваў «ніхто нікога ні да чога не заклікаў» і «ніхто ні ад кога нічога не патрабаваў».
- Акрамя таго, 2 верасьня старшыня пастаяннай камісіі міжнародных спраў Палаты прадстаўнікоў Беларусі адзначаў, што «некаторыя палітычныя сілы раўніва паставіліся да візыту Болтана ў Беларусь», і што тыя, каму не спадабаўся такі візыт, — «гэта нашыя нядобразычліўцы».
Якія кансьпіралягічныя тэорыі строяць і хто гэта робіць, ніводнага разу не адзначалася.
Але, напрыклад, перамовы Болтана зь Беларусьсю, Украінай і Польшчай ацаніў як «антырасейскія» Канстанцін Касачоў — старшыня камітэту міжнародных справаў расейскага Савету Фэдэрацыі (верхняя палата парлямэнту; засядае не ў Крамлі) і сябра партыі «Единая Россия».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры загадкі пасьля візыту Джона Болтана ў Менск ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра нераспаўсюджваньне якой зброі дарадца Трампа размаўляў з Лукашэнкам