Лукашэнка прызначыў менскага чыноўніка ў Салігорск. Ягоных папярэднікаў затрымалі

Андрэй Жайловіч (зьлева), архіўнае фота

Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка прызначыў менскага чыноўніка Андрэя Жайловіча новым старшынём Салігорскага райвыканкаму. Двух ягоных папярэднікаў затрымалі праз падазрэньне ў карупцыі.

Андрэй Жайловіч займаў пасаду кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску з 2017 году.

У чэрвені сёлета стала вядома, што супраць ранейшага старшыні Салігорскага райвыканкаму Алега Паскробкі Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу, яго падазраюць у карупцыі.

Чыноўніка затрымалі 17 чэрвеня ў будынку Менскага аблвыканкаму, куды ён прыехаў у службовую выправу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрымалі старшыню Салігорскага райвыканкаму

Дзеяньні затрыманага кваліфікуюць як перавышэньне службовых паўнамоцтваў. Паводле сьледчых, яны мелі месца на папярэдняй працы Паскробкі. У 2015–2017 гадах ён працаваў першым намесьнікам міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

Старшынём Салігорскага райвыканкаму Паскробку прызначылі 10 жніўня 2017 году. На гэтай пасадзе ён зьмяніў затрыманага праз падазрэньне ў атрыманьні хабару Аляксандра Рымашэўскага.

Да сёньня абавязкі старшыні Салігорскага райвыканкаму выконваў Дзьмітры Цярлецкі, аднак на афіцыйным сайце райвыканкаму кіраўніком усё яшчэ пазначаны Алег Паскробка.

Сайт Салігорскага райвыканкаму, 12 верасьня 2019