«Мяне абвінавацілі ў забойстве дачкі». Суд у справе аб сьмерці 8-месячнай дзяўчынкі ў Лунінцы зрабілі закрытым

Натальля Колб (справа) і Віктар Сяргель на лаве падсудных

Аб гэтым папрасіла маці ахвяры, якая на працэсе зьяўляецца адной з абвінавачаных. Пракурор выступіў супраць.

Справу аб забойстве 8-месячнай дзяўчынкі ў Лунінцы разглядае Берасьцейскі абласны суд, працэс пачаўся раніцай 24 верасьня. У жорсткім злачынстве абвінавачваюцца маці загінулай дзяўчынкі і яе сужыцель.

Адразу пасьля пачатку працэсу падсудная Натальля Колб папрасіла закрыць суд ад грамадзкасьці. «Я абвінавачаная у забойстве сваёй дачкі, — сказала Колб. — Я маю яшчэ дзяцей і не хачу, каб гэта на іх адбілася, таму прашу, каб суд зрабілі закрытым».

Натальля Колб

З такім жа хадайніцтвам зьвярнуўся да суду мужчына, якога суд назваў пацярпелым. Мяркуецца, гэта былы муж Натальлі Колб Леанід. Ён сказаў, што не хацеў бы, каб працэс быў адкрытым, бо на ім «будуць абмяркоўваць уласнае жыцьцё і ўсё такое».

Пацярпелы Леанід Колб

Адвакаты падсудных іх падтрымалі. Супраць быў толькі пракурор Аляксандар Жэшка. Ён сказаў, што паводле 2-й часткі 23-га артыкулу Крымінальна-працэсуальнага кодэксу няма падстаў закрываць працэс.

Пракурор Аляксандар Жэшка

Абвінавачаная Натальля Колб 1993 году нараджэньня мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю. У пэрыяд, калі адбылося злачынства, не працавала, бо была ў водпуску па даглядзе дзіцяці. Паведаміла на судзе, што разьведзеная. Увесь час, пакуль працэс быў адкрыты, сядзела, закрыўшы рукамі твар.

Другі падсудны — Віктар Сяргель 1971 году нараджэньня. Жыў у Лунінцы на вуліцы Сялянскай, нідзе не працаваў. Сказаў, што прыехаў з Сахаліна. Грамадзянін Беларусі.

Віктар Сяргель

Трагедыя адбылася ў Лунінцы ўвечары 27 кастрычніка 2018 году. Абвінавачанымі ў справе праходзяць 26-гадовая маці дзіцяці і яе 48-гадовы знаёмы. Дзеяньні кожнага зь іх кваліфікаваныя як забойства заведама малалетняга, учыненае з асаблівай жорсткасьцю, з хуліганскіх памкненьняў.

Натальля Колб падчас суду

Пра злачынства вядома няшмат. Паводле праваахоўных органаў, у той дзень мужчына і жанчына разам расьпівалі сьпіртныя напоі. Пасьля яны «беспадстаўна, спосабам, заведама спалучаным з прычыненьнем асаблівых пакут, нанесьлі дзяўчынцы ня менш за 46 траўматычных уздзеяньняў».

Бацькі загінулай дзяўчынкі ў момант забойства дома не было. Ён знайшоў цела ахвяры, калі вярнуўся.