Новым старшынём дэлегацыі Эўрапарлямэнту па Беларусі стаў паляк

Робэрт Бедрань

Пра гэта паведамляе Беларуская служба Польскага радыё.

«Сёньня я стаў старшынёй дэлегацыі Эўрапарлямэнту па Беларусі», — напісаў у Твітэры польскі эўрадэпутат Робэрт Бедрань.

Бедрань зьяўляецца заснавальнікам і кіраўніком сацыял-дэмакратычнай партыі «Вясна», якая на выбарах у Эўрапарлямэнт атрымала 6,06% галасоў.

Аптымізм новага старшыні

Цяпер паміж Эўрапарлямэнтам і парлямэнтам Беларусі няма сталага супрацоўніцтва, аднак, паводле Бедраня, у сувязі з выбарамі, якія ў Беларусі пройдуць у лістападзе, сытуацыя можа зьмяніцца.

«Спадзяюся, што гэта створыць новыя магчымасьці паляпшэньня ўзаемаадносін, аднак датрыманьне правоў чалавека ў Беларусі будзе ключавым аспэктам у кантактах паміж Менскам і Брусэлем», — дадаў новы старшыня.

Хто такі Бедрань

Як піша карэспандэнт Беларускай службы Польскага радыё Альбэрт Ежы Вежбіцкі, Бедрань у польскай палітыцы вядомая асоба. У 2011 годзе ён стаў першым адкрытым геем, дэпутатам польскага парлямэнту.

Тры гады пазьней палітык выйграў муніцыпальныя выбары і стаў мэрам балтыйскага гораду Слупск, стаўшы таксама першым адкрытым геем, кіраўніком польскага гораду.

У час кіраваньня Слупскам яго папулярнасьць павялічвалася з прычыны наватарскіх рашэньняў. Бедрань адмовіўся карыстацца службовым аўтамабілем і на працу езьдзіў на ровары ці грамадзкім транспартам. Акрамя таго, ён зьменшыў зарплаты ўсім гарадзкім чыноўнікам і сам на працягу свайго тэрміну паўнамоцтваў меў найменшую зарплату сярод усіх польскіх мэраў.

У Слупску ён заснаваў шмат грамадзкіх ініцыятыў і праводзіў рэгулярныя сустрэчы з жыхарамі гораду, запрашаючы іх да размовы на канапу, пастаўленую адмыслова для гэтай мэты на галоўнай плошчы.

Робэрт Бедрань нарадзіўся ў 1976 годзе. Паводле адукацыі ён палітоляг, ведае пяць моваў. Жыве са сваім на тры гады маладзейшым партнэрам Кшыштафам, які зьяўляецца доктарам юрыдычных навук. Разам яны 17 гадоў.