Зяленскі сказаў Лукашэнку, чаму беларусы бліжэйшыя да ўкраінцаў, чым да расейцаў

Уладзімір Зяленскі сустракае Аляксандра Лукашэнку ў аэрапорце, 4 кастрычніка

Ва ўкраінскім Жытоміры завяршылася сустрэча тэт-а-тэт кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны, якая цягнулася больш за дзьве гадзіны.

«Мы разумеем адно аднаго, — заявіў пасьля сустрэчы прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. — Я думаю, што нашыя людзі прыязныя, маральна блізкія. Я ганаруся і ўпэўнены, што кожны ўкраінец ганарыцца тым, што ў нас такія добрыя суседзі і адносіны».

Лукашэнка расказаў, што сустрэча прайшла, каб яшчэ раз «зьверыць гадзіньнікі».

«У вас ніколі не было праблемаў з тэрыторыяй Беларусі і зь Беларусьсю, вы ніколі іх ня будзеце мець, — казаў ён. — Мы заўсёды будзем самымі добрымі і надзейнымі з вашых прыхільнікаў, партнэраў, і калі новы ўрад Украіны захоча мець з намі братэрскія блізкія адносіны, то за намі справа ня стане».

Пасьля Зяленскі і Лукашэнка выступілі перад удзельнікамі ІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны.

Зяленскі падзякаваў Лукашэнку за тое, што украінска-беларуская мяжа ва ўмовах расейскай агрэсіі застаецца «мяжой міру і супрацы», і за наданьне пляцоўкі для перамоваў па Данбасе.

Зяленскі расказаў, што ў размове з Лукашэнкам згадаў таксама пытаньні таваразвароту, «абмену тэлеканаламі», турызму і культурнага абмену.
Ён разважаў, да каго бліжэйшыя беларусы: да расейцаў ці ўкраінцаў.

«Адказ у прозьвішчах паважаных гасьцей Беларусі», — сказаў ён, паглядзеўшы на Лукашэнку і віцэ-прэм’ера Беларусі Ляшэнку.

Лукашэнка параўнаў сустрэчу зь Зяленскім і абмеркаваньне двухбаковай супрацы з разборам завалаў — і прапанаваў праводзіць беларуска-ўкраінскія форумы часьцей. Ён таксама згадаў стварэньне супольных беларуска-ўкраінскіх прадпрыемстваў, параўнаў з пытаньнямі дзяржаўнай бясьпекі пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў, альтэрнатыўныя шляхі паставак вуглевадароднай сыравіны.

Сябруюць супраць Расеі?

Лукашэнка адзначыў, што ў сьвеце «ніхто ніколі не дазволіць нам вельмі моцна сябраваць, бо, на жаль, сьвет дзейнічае паводле прынцыпу „падзяляй і ўладар“». Ён заявіў, што журналісты, якія гэта пачуюць, падумаюць, што «мы нібыта супраць Расеі і Кітаю нацэленыя».

Зяленскі адказаў: «А вы не саромейцеся гэтага». Пасьля аплядысмэнтаў дадаў: «Гэта жарт, Аляксандар Рыгоравіч».

Лукашэнка ж сказаў яму: «Я вас за язык не цягнуў. Я не саромеюся». Але пасьля казаў, што «мы добрыя людзі, мы нармальныя людзі, мы ня хочам супраць кагосьці сябраваць, мы ня хочам супраць кагосьці ваяваць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што спытаюць адзін аднаго Лукашэнка і Зяленскі ў Жытоміры
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няхай ваш Лукашэнка навучыць нашага Зяленскага». Жыхары Жытоміра пра сустрэчу кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цэнтар Жытоміра ачапілі перад сустрэчай Лукашэнкі і Зяленскага. ФОТА