«Ня будзе куды ўцякаць». У Менску кантралёры пачнуць спыняць транспарт у любым месцы, каб праверыць квіткі

Ілюстрацыйнае фота

Ужо заўтра, 8 кастрычніка, кантралёры ў Менску пачнуць спыняць грамадзкі транспарт у любым месцы для праверкі аплаты праезду.

Інфармацыя пра тое, што менскія кантралёры пачнуць спыняць тралейбусы і аўтобусы паміж прыпынкамі, каб праверыць аплату праезду, упершыню зьявілася ў Telegram-канале Nexta. Пазьней у філіяле «Агенцтва Менсктранс», якое адказвае за продаж квіткоў і кантроль аплаты праезду, Tut.by пацьвердзілі інфармацыю.

Дырэктар філіялу Сяргей Ласіцкі расказаў, што з 8 кастрычніка кантралёры змогуць спыніць грамадзкі транспарт у любы момант на дарозе, падняўшы жазло — гэткае ж, як у транспартнай інспэкцыі.

Кіроўца мусіць адчыніць для кантралёраў пярэднія дзьверы; кампостэры і валідатары будуць заблякаваныя. Аплату праезду будуць правяраць падчас руху.

Жазло, якім карыстаецца ДАІ — такое ж будзе ў кантралёраў

У межах бестэрміновага экспэрымэнту такім чынам правяраць пачнуць пасажыраў аўтобусаў. Як адзначыў Ласіцкі, гэта робіцца для таго, каб людзі аплачвалі праезд.

«Паглядзім, як гэта прыжывецца і які дасьць вынік. Мы мелі права спыняць так транспарт і раней. Проста мы так не працавалі, а зараз паспрабуем. Вы ж самі ведаеце: як толькі транспарт спыняецца на прыпынку і пасажыры бачаць кантралёраў, усе безьбілетнікі адразу выбягаюць. А так няма куды будзе», — расказаў кіраўнік філіялу пра новаўвядзеньне.

Паводле яго, кантралёры будуць выбіраць такія ўчасткі для прыпынку аўтобусаў, каб гэта было бясьпечна для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху, пасажыраў.