Прадстаўнік Мінабароны Макараў: У 2010 годзе сілавыя органы прадухілілі дзяржаўны пераварот

Уладзімер Макараў, архіўнае фота

Пра гэта прэс-сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў заявіў падчас сумеснага стрыму з БРСМ.

БРСМ 8 кастрычніка праводзіць прамую трансьляцыю разам з прэс-сакратаром Мінабароны Ўладзімерам Макаравым. Падчас размовы пра беларускае войска Макараў прыгадаў падзеі Плошчы-2010.

«Калі б не сілавыя органы ў 2010 годзе, то падзеі ва Ўкраіне здаліся б нам дробнымі. Быў прадухілены дзяржаўны пераварот, фактычна», — сказаў Уладзімер Макараў.

Таксама ён сказаў, што сёлета ў войску было тры суіцыды. Усе гэтыя выпадкі, паводле яго, не зьвязаныя з вайсковай службай і носяць асабісты характар.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Давядзеньне да самагубства. Генпракуратура прымусіла СК распачаць справу праз год пасьля сьмерці салдата

Падчас Плошчы-2010 сілавікі затрымалі больш за 600 удзельнікаў акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Многія эўрапейскія назіральнікі адзначылі брутальны характар дзеяньняў міліцыі.