Мінабароны прызнала тры суіцыды вайскоўцаў-кантрактнікаў з пачатку году. Што гэта за выпадкі?

Уладзімер Макараў, начальнік упраўленьня інфармацыі галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь

Начальнік упраўленьня інфармацыі Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімер Макараў падчас стрыму 8 кастрычніка расказаў, што з пачатку 2019 году ў войску Беларусі было тры самагубствы.

Паводле Макарава, суіцыды ўчынілі вайскоўцы-кантрактнікі, усе тры выпадкі — ад «выключна асабістых перажываньняў» і бяз сувязі з праходжаньнем службы, перадае Tut.by.

«Я б мог агучыць прычыны ў кожным выпадку сёлетнім, але ня буду, — казаў Макараў. — Вось летась, напрыклад, 27-гадовы мужчына — ну хто мог зь яго зьдзекавацца? Там былі гіганцкія банкаўскія пазыкі і вельмі няпростая сямейная сытуацыя».

Пра якія выпадкі кажа Макараў? Магчыма, пад самагубствам летась мелася на ўвазе здарэньне з 26-гадовым вайскоўцам, цела якога знайшлі ў лесе на Горадзеншчыне 8 верасьня 2018 году.

А сёлета:

  1. 2 ліпеня стала вядома пра самагубства кантрактніка ў Горадзенскім гарнізоне — паводле Telegram-каналу Nexta, Фёдар Б. 1998 году нараджэньня родам зь Любані, які служыў у 3-й роце 202-га батальёну 6-й асобнай мэханізаванай брыгады, 1 ліпеня прыняў 100 таблетак но-шпы.
  2. З чэрвеня 40-гадовы прапаршчык Полацкага памежнага атраду застрэліўся на працоўным месцы.
  3. 1 чэрвеня скончыў жыцьцё самагубствам вайсковец слонімскай 11-й мэханізаванай брыгады, які праходзіў службу па кантракце (паводле Nexta, быў выпраўлены на парад у Менск).
  4. 14 траўня суіцыд зрабіў памежнік у Смаргонях. Цела 34-гадовага вайскоўца-кантрактніка знайшлі сваякі ў доме бацькоў.

Усе гэтыя выпадкі афіцыйна пацьвярджаліся: першы і трэці Міністэрствам абароны, другі і чацьвёрты — Памежным камітэтам.

Акрамя таго, вядома, што 13 красавіка 21-гадовы салдат тэрміновай службы выпаў з акна казармы 120-й асобнай мэханізаванай брыгады, але выжыў. Сьледчы камітэт тады паведаміў пра завядзеньне крымінальнай справы паводле артыкулу «давядзеньне да самагубства».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самагубства вайскоўца-кантрактніка ў Горадні «не зьвязана з праходжаньнем службы», — Мінабароны