«Чаму жанчыне можна, а мужчыну не?» Пажарны з Магілёва хацеў пайсьці ў дэкрэтны водпуск, але яго звольнілі

Ірына і Арцём Грэкавы з шасьцімесячнай дачкой Валерыяй

«Баяцца прэцэдэнту», — кажуць у сямʼі Грэкавых пра цяжбу з Магілёўскім гарадзкім аддзелам надзвычайных сытуацыяў за дэкрэтны водпуск мужу і аднаўленьне яго на працы.

Пра Грэкавых сьцісла

  • У шлюбе 10 гадоў. Двое дзяцей;
  • Арцём скончыў Магілёўскі машынабудаўнічы інстытут (цяпер Беларуска-Расейскі ўнівэрсытэт) і Інстытут Міністэрства надзвычайных сытуцыяў;
  • 16 гадоў служыў у органах надзвычайных сытуацыяў. Старшы прапаршчык. Узнагароджаны знакам «выдатнік службы». Пераможца нацыянальных і міжнародных спаборніцтваў у выратавальным мнагаборстве;
  • Ірына мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю. Рэгіянальны мэнэджэр у продажах. Даглядала ў дэкрэце першае дзіця. Другое нарадзіла 25 красавіка 2019 году.

«Адправіць мужа ў дэкрэт вымушаюць жыцьцёвыя абставіны»

Пра тое, што Арцём пойдзе ў дэкрэтны водпуск, абмяркоўвалася ў сямʼі задоўга да нараджэньня другога дзіцяці, кажа Ірына. Да гэтага прымусілі жыцьцёвыя абставіны і жаданьне захаваць матэрыяльны дастатак.

Ірына Грэкава з старэйшай дачкой Карынай

Як кажа Ірына, на ейнай цяперашняй працы маецца пэрспэктыва карʼернага росту і, адпаведна, заробку. Мужу «пасьля 16 гадоў службы пажарнікам зь дзьвюма вышэйшымі адукацыямі прасоўваньня па службовай лесьвіцы не прадбачылася». Да таго ж, паводле цяперашняга заканадаўства, калі жанчына не на вайсковай службе, то дэкрэтны водпуск не залічваецца ў страхавы стаж і не ўплывае на памер пэнсіі.

Грэкавы меркавалі, што гарантыяў Працоўнага кодэксу на сацыяльны водпуск мужчыну дастаткова, каб яго атрымаць. Згодна з 271-м артыкулам, выбар, хто будзе даглядаць дзіця, пакідаецца семʼі.

«Не далі дэкрэтнага водпуску і звольнілі»

Арцём распавядае, што пра водпуск для дагляду дзіцяці ён заявіў 14 ліпеня на атэстацыйнай камісіі, якая разглядала пытаньне пра падаўжэньне зь ім працоўных стасункаў. Тэрмін дзеяньня ягонага пяцігадовага кантракту канчаўся 4 жніўня. Пасьля гэтага кантракт з Арцёмам Грэкавым не прадоўжылі.

Арцём сваё звальненьне лічыць незаконным. Кажа, што камісія не магла абʼектыўна ацаніць ягоных здольнасьцяў як пажарнага выратавальніка. Ці прыдатны ён для службы, вызначалася па характарыстыцы. У ёй толькі між іншым згадвалася, што ён «у асноўным ведае пажарную тэхніку і абсталяваньне, а таксама валодае някепскімі навыкамі працы зь імі».

Арцём Грэкаў (фота зь сямейнага альбому)

«Пачуўшы характарыстыку, — адзначае Арцём, — я зьдзівіўся, як такі супрацоўнік мог служыць у МНС 16 гадоў. У ёй замоўчваліся мае заслугі і дасягненьні. Выглядала, што я пасрэдны, безыніцыятыўны супрацоўнік, які парушае працоўную дысцыпліну і маральныя і працоўныя якасьці якога не адпавядаюць патрабаваньням службы».

Не пагадзіўшыся зь непрацягненьнем кантракту, Арцём Грэкаў зьвярнуўся ў суд. Кажа, што кіраўніцтва, даведаўшыся пра пазоў, прапанавала забраць яго ўзамен на падаўжэньне працоўных адносінаў на год. І ён гатовы пагадзіцца, але калі зь ім заключаць пяцігадовы кантракт з дазволам на «дэкрэтны» водпуск.

«„Дзірка“ ў законе, якую начальства выкарыстоўвае пад сябе»

У судзе, расказвае Арцём, прадстаўнікі наймальніка настойвалі, што ягонае апэляваньне да Працоўнага кодэксу не абгрунтавана, паколькі іхныя службовыя абавязкі рэгулююцца Палажэньнем аб праходжаньні службы ў органах надзвычайных сытуацыяў.

Ён гэтага не адмаўляе, але адзначае: у палажэньні таксама ёсьць норма, якая дазваляе супрацоўніку разьлічваць на сацыяльны водпуск для дагляду дзіцяці. У ёй сказана: адпачынак «можа быць дадзены», а гэта значыць — як вырашыць начальства.

Арцём Грэкаў

Такую сытуацыю Арцём называе «дзіркай» у законе, якая дазваляе кіраўніцтву трактаваць норму «пад сябе». Тое, што суд не абавязаў наймальніка даць яму водпуск, зьвязвае з тым, што справа беспрэцэдэнтная.

«Калі б былі раней станоўчыя для пазоўніка рашэньні, то суд паводзіў сябе іначай, — лічыць ён. — Пазваным рабілася ўсё, каб не дапусьціць нашай перамогі, бо тады знайшліся б іншыя вайскоўцы, ахвочыя скарыстацца „дэкрэтам“».

Афіцыйны прадстаўнік МНС: супрацоўнікі ведаюць пра абмежаваньні з водпускам па даглядзе дзіцяці

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Віталь Навіцкі ў камэнтары Свабодзе адзначыў, што супрацоўнікі службы ведаюць пра абмежаваньні ў атрыманьні дэкрэтнага водпуску і што падобных сытуацыяў, як з Грэкавым, у ведамстве не было.

Будынак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях на Рэвалюцыйнай вуліцы ў Менску

Паводле яго, у 133-м пункце Палажэньня аб праходжаньні службы ў органах і падразьдзяленьнях надзвычайных сытуацыяў пералічаны выпадкі, калі супрацоўнік можа разьлічваць на сацыяльны водпуск для дагляду дзяцей:

  • калі ён фактычна зьяўляецца бацькам ці апекуном дзіцяці;
  • гадуе дзіця бяз маці ў выпадку яе сьмерці, пазбаўленьня бацькоўскіх правоў, ці калі яна працяглы час знаходзіцца ў дзяржаўных установах аховы здароўя;
  • у іншых выпадках адсутнасьці апякунства маці.

Паводле Віталя Навіцкага, Арцёма Грэкава звольнілі, бо скончыўся тэрмін дзеяньня кантракту. У судовай пастанове адзначана, што яго адправілі ў запас з выкананьнем усіх патрабаваньняў, прадугледжаных спэцыяльным заканадаўчым актам.

«Заканадаўства замацоўвае полавую дыскрымінацыю»

Арцём зьвярнуўся па дапамогу ў цэнтр «Яе права». Юрыстка цэнтру Дарʼя Чурко кажа: выпадак зь сямʼёй Грэкавых ілюструе супярэчлівасьць заканадаўства ў пытаньнях гендэрнай роўнасьці. З аднаго боку, канстытуцыя гарантуе права выхаваньня дзяцей абаімі бацькамі, а з другога замацоўвае дыскрымінацыю.

Экспэрт пагаджаецца, што ў Палажэньні аб праходжаньні службы ў органах надзвычайных сытуацыяў пералічаныя выпадкі, калі бацька можа разьлічваць на дэкрэтны водпуск. Пры гэтым яна зьвяртае ўвагу, што «жанчыне такі водпуск даецца адразу, а мужчыну — у выключных сытуацыях, што і ёсьць дыскрымінацыяй паводле полавай прыкметы».

Дарʼя Чурко адзначае: паводле сабраных цэнтрам зьвестак, толькі невялікая колькасьць мужчын гатовая ісьці ў дэкрэт. Гэта выклікае заклапочанасьць і сьведчыць пра стэрэатыпнае ўспрыняцьце імі сацыяльнага водпуску для дагляду дзяцей.

Раней цэнтар ужо займаўся падобнай гісторыяй. Тады ў сямʼі вайскоўцаў дамовіліся, што ў водпуску для дагляду дзіцяці пойдзе бацька, але ён яго таксама не атрымаў. Чым скончылася тая справа, суразмоўца ня ведае, бо сувязь з героямі перарвалася. На яе думку, у сытуацыі з Грэкавымі ёсьць шанец, што ўсё завершыцца станоўча для іх.

«Гэтыя дзьве гісторыі, — падсумоўвае яна, — проста крычаць пра неабходнасьць прыняцьця антыдыскрымінацыйнага закону».

«Многае страціў...»

У пажарныя Арцём пайшоў пасьля Магілёўскага машынабудаўнічага інстытуту. Каб прасоўвацца па службе, завочна вучыўся ў інстытуце Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

Усе 16 гадоў службы ён быў на шараговай пасадзе майстра-выратавальніка. Ягоную працу адзначалі найвышэйшай ўзнагародай шарагоўца — «выдатнік службы».

Узнагароды і значкі пажарнага выратавальніка

Не падоўжыўшы кантракту, наймальнік пазбавіў Арцёма права на пэнсію ў 48 гадоў. Да паложанай 20-гадовай выслугі яму не хапіла чатырох.

Звальненьне адбілася на дастатку сямʼі, прызнаецца ён. Даводзіцца шмат на чым ашчаджаць, бо трэба выплочваць крэдыты.

Арцём кажа, што зарабляў у пажарнай частцы 750 рублёў, «але былі бонусы». Адпачынак, вучоба, бальнічны залічваліся ў выслугу. Можна было карыстацца ведамаснай паліклінікай бяз чэргаў.

«Страціў многае, — прызнаецца ён. — Па спэцыяльнасьці інжынэр-мэханік вакансіі занятыя. Цяпер у чарзе на біржы. Спадзяюся, што дзьве вышэйшыя адукацыі і мае здольнасьці не дадуць згубіцца ў жыцьці».

Арцём Грэкаў зьбіраецца абскардзіць рашэньне Ленінскага суду Магілёва ў абласным судзе. Калі і там свайго не дабʼецца, то зьвернецца ў вышэйшыя судовыя інстанцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі бракуе чвэрці пэдыятраў. Чаму так і што з гэтым робяць