Украіна пачне фінансаваць пераклады ўкраінскай літаратуры на мовы сьвету

Паліцы з кнігамі ў адной з кіеўскіх кнігарняў

Упершыню ўлады Ўкраіны пачнуць ​выдзяляць грошы ў падтрымку перакладаў твораў украінскай літаратуры на іншыя мовы. Фінансаваньне пойдзе на новы праект Ўкраінскага інстытуту кнігі Translate Ukraine — яго гэтымі днямі прэзэнтавалі на Франкфурцкім кніжным кірмашы.

Плянуецца, што на рэалізацыю праграмы падтрымкі літаратурных перакладаў зь бюджэту краіны ў 2020 годзе змогуць выдзеліць 9 300 000 грывен (каля 758 000 беларускіх рублёў).

У рамках праграмы зь бюджэтных сродкаў будзе выдзяляцца сума на выданьне перакладаў твораў украінскай літаратуры і іх папулярызацыю на кніжных рынках іншых краін.

«Дагэтуль уяўленьне сьвету аб украінскай літаратуры заставалася закладнікам нябачнай рукі сусьветных рынкаў. Творы з пэрспэктывай на камэрцыйны посьпех заўсёды знойдуць свайго перакладчыка і чытача. Але роля кнігі ў гісторыі вымяраецца ня толькі яе папулярнасьцю. Старонкі ўкраінскіх кніг — гэта акно ў сэрца краіны, гэта патэнцыйныя нішавыя хіты і нобэлеўскія шэдэўры, гэта творчае сьведчаньне нашага сувэрэннай існаваньня. Адказнасьць дзяржавы — даць гэтым кнігам квіток у сьвет», — адзначыў намесьнік міністра фінансаў Украіны Юры Джыгір.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Cвабодны тэатар паставіць «Сабак Эўропы» Бахарэвіча на прэстыжнай лёнданскай сцэне

На сёньняшні момант Беларусь зьяўляецца адной зь нешматлікіх краінаў Эўропы, дзе няма праграмы дзяржаўнай падтрымкі для перакладаў беларускай літаратуры на замежныя мовы. У суседняй Польшчы гэтым займаецца Інстытут кнігі пры дзяржаўнай падтрымцы, у Літве Інстытут літоўскай культуры, у Латвіі пры Інстытуце літаратуры АН існуе праграма падтрымкі замежных выдаўцоў, якія выдаюць латыскую літаратуру, а ў Расеі гранты на пераклады выдае Інстытут перакладаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стаў вядомы кароткі сьпіс перакладчыцкай прэміі Шэрмана