Маленькага жука назвалі ў гонар Грэты Тунбэрг

Грэта Тунбэрг

Брытанскія энтамолягі назвалі нікім раней ня апісаны від жука ў гонар швэдзкай экалягічнай актывісткі Грэты Тунбэрг. Насякомае ўпершыню было выяўлена яшчэ ў 1960-я гады і захоўвалася ў калекцыі Лёнданскага музэя прыродазнаўства, дзе на яго зьвярнуў увагу навуковы супрацоўнік Майкл Дарбі.

Прысвойваючы жуку імя Грэты Тунбэрг, навуковец хацеў адзначыць яе выбітны ўнёсак у барацьбу за захаваньне экалёгіі плянэты і прыцягненьне ўвагі сусьветнай грамадзкасьці да гэтага пытаньня, паведамляе ВВС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да шэсьця экаактывісткі Грэты Тунбэрг у Манрэалі далучылася паўмільёна чалавек

Новы від жука, упершыню знойдзены ў Кеніі, адносяць да сямейства Птылііды і сам ён у даўжыню ня больш за мілімэтар. Дарбі падкрэсьліў, што абраў імя не з прычыны маленькіх памераў жука, а таму што навуковец працуе менавіта з гэтай групай відаў.

Куратар музэю Макс Барклай адзначыў, што імя абрана адэкватнае. Велізарная колькасьць невядомых відаў зьнікаюць яшчэ да таго, як навукоўцы прыдумваюць для іх назвы. Таму гэта цалкам дарэчнае рашэньне — прысвоіць насякомаму імя чалавека, які прысьвяціў сваё жыцьцё абароне жывой прыроды — патлумачыў сваю пазыцыю куратар музэю прыродазнаўства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грэта Тунбэрг адказала Пуціну