У інтэрнэце зьбіраюць подпісы за адстаўку кіраўніцтва беларускага футболу

Уладзімер Базанаў

Заўзятары за суткі сабралі на онлайн-платформе сhange.org 1500 подпісаў з патрабаваньнем сысьці ў адстаўку дзейнае кіраўніцтва Беларускай фэдэрацыі футболу.

«Ад імя заўзятараў футбольных клюбаў Беларусі» аўтары звароту просяць вызваліць ад займаных пасадаў старшыню БФФ Уладзімера Базанава, першага намесьніка старшыні Юрыя Вяргейчыка і дырэктара Дэпартамэнту судзейства і інспэктаваньня Андрэя Чэпу.

У пэтыцыі патрабуюць правесці выбары кіраўніцтва Беларускай фэдэрацыі футбола «сярод кандыдатаў, якія маюць станоўчы вопыт кіраўніцтва і наўпроставае дачыненьне да футболу (гульцы, трэнэры і г. д.)».

Таксама, паводле стваральнікаў пэтыцыі, новае кіраўніцта мае распрацаваць сьпіс рэформаў у наступных накірунках:

  • развіцьцё дзіцяча-юнацкага футбола;
  • прыцягненьне гледача на стадыёны, паляпшэньне інфраструктуры стадыёнаў футбольных клюбаў вышэйшай лігі;
  • прыцягненьне «рэклямных партнэраў»;
  • прыцягненьне замежных судзьдзяў на ключавыя матчы вышэйшай лігі, павысіць якасьць судзейства шляхам дадатковага навучаньня і адбору арбітраў пры іх прызначэньні;
  • стварэньне прафсаюзу гульцоў, трэнэраў і судзьдзяў.

Сёлета ў сакавіку 61-гадовага Ўладзімера Базанава на безальтэрнатыўнай аснове абралі кіраўніком Беларускай фэдэрацыі футболу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Артылерыст-аўганец, актывіст «Белай Русі». Хто ўзначаліў Беларускую фэдэрацыю футболу

Ён дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Берасьцейскай-Памежнай акругі № 4, намесьнік старшыні камісіі нацыянальнай бясьпекі. Мае вайсковае званьне палкоўніка. У 2010–2012 гадах быў старшынём футбольнага клюбу «Дынама» (Берасьце). Пры ім берасьцейцы змагаліся за выжываньне ў найвышэйшай лізе і мелі сур’ёзныя фінансавыя праблемы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Барысаў-Арэна» імя Капскага. Дзяржава маўчыць, грамадзкасьць распачала ўласную кампанію