Лукашэнка патлумачыў, чаму прызначыў сына сваім намесьнікам у НАК

Аляксандар і Віктар Лукашэнкі

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў прызначэньні ягонага старэйшага сына Віктара на пасаду віцэ-прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту няма кансьпіралёгіі. І запэўнівае, што такая прапанова была не ад яго, піша Tut.by.

«Калі хто-небудзь думае, што тут з падачы бацькі яму вялікую пасаду адвалілі, дык у яго і так пасада — дай Бог кожнаму, памочнік у нацыянальнай бясьпецы, — сказаў Лукашэнка. — Многія, хто ведае мяне і маю сям’ю, прапаноўвалі гэта. Але, калі пачалі настойваць некаторыя прадстаўнікі замежных дзяржаў, папрасілі мяне разгледзець пытаньне, я здаўся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо два Лукашэнкі ўзначальваюць Нацыянальны алімпійскі камітэт

Аляксандар Лукашэнка дадаў, што пакуль яшчэ не прыняў рашэньня, ці застанецца старэйшы сын на пасадзе ягонага памочніка ў нацыянальнай бясьпецы.

«Гэта вялікая будзе страта ў дзяржаве, — лічыць ён. — Ён працаваў памочнікам, таму што мне патрэбен адкрыты канал сувязі паміж мной і сілавымі структурамі. Гэтыя структуры маюць вялікую ролю і павінны быць пад кантролем прэзыдэнта, каб ня здарылася, як у некаторых нашых суседзяў. Я гэта заўсёды трымаў на кантролі і не знайшоў лепшага выйсьця (і цяпер не шкадую), як прызначыць яго памочнікам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі ганьбяць краіну». Лукашэнка пра хакеістаў, футбалістаў і спартовых функцыянэраў 

Бацька ня ўтойвае, што пакіданьне старэйшым сынам пасады памочніка прэзыдэнта стане адчувальнай стратай. Сам Лукашэнка пакуль ня бачыць чалавека, які б выконваў такія абавязкі.

Разам з тым прызначэньне Віктара першым віцэ-прэзыдэнтам НАК Лукашэнка зьвязвае з пэрспыктывамі прасоўваньня Беларусі ў міжнародным спорце.