Пасьля публікацыі Свабоды. Улады Магілёва вырашылі расьсяліць інтэрнат, дзе на 80 чалавек адзін душавы пакой

Будынак найстарэйшага ў Магілёве інтэрнату

Пасьля абурэньня жыхароў і публікацыі Свабоды магілёўскія ўлады вырашылі расьсяліць найстарэйшы ў абласным цэнтры інтэрнат, дзе на 80 чалавек прыпадаў адзін душавы пакой.


Калі жыхары апублікавалі ў інтэрнэце відэа пра невыносныя ўмовы, у якіх яны жывуць, пра інтэрнат расказалі мэдыя. Пасьля гэтага спэцыялісты камунальных ды санітарна-эпідэміялягічных службаў выявілі ў будынку шматлікія дэфэкты і пашкоджаньні канструкцый. Прычынай праблемаў назвалі працяглы тэрмін эксплюатацыі. Жыхарам выдзелілі пакоі ў іншых інтэрнатах гораду.

Будынку інтэрнату 70 год. Капітальны рамонт быў паўстагодзьдзя таму

Двухпавярховы будынак інтэрнату стаіць у Магілёве на вуліцы Індустрыяльнай, 7. Узьвялі яго ў 1948 годзе. У інтэрнаце 41 жылы пакой і адна душавая. Жылі тут больш за 80 чалавек. Капітальны рамонт быў 50 год таму. Сьцены развальваюцца, дах працякае, са столі сыплецца тынк.

У 2018 годзе абласное ўпраўленьне Міністэрства надзвычайных сытуацый прызнала гэты інтэрнат небясьпечным для пражываньня людзей. Выявіла грубыя парушэньні правілаў пажарнай бясьпекі.

На праблемы пражываньня ў інтэрнаце жыхары скардзіліся не адзін год. Калі іхныя звароты не далі плёну, яны расказалі пра іх у відэароліку, які выклалі ў YouTube. Затым паказалі будынак Свабодзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На 80 чалавек адзін душ. Як жывецца ў найстарэйшым інтэрнаце Магілёва

Пра ўмовы пражываньня ў інтэрнаце паведамілі пасьля нашага рэпартажу іншыя мэдыя, у тым ліку дзяржаўныя. Сюды пачалі прыходзіць дэлегацыі камунальных службаў.

Дэфэкты і пашкоджаньні далі падставу адсяліць жыхароў

Пра адсяленьне гаворыцца ў адказе гарадзкіх уладаў на зварот жыхароў. Падпісаў адказ намесьнік старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Андрэй Маскалёў. Як вынікае зь ягонага ліста, дэфэкты і пашкоджаньні канструкцый будынка далі падставу ЖРЭУ Ленінскага раёну Магілёва прыняць рашэньне расьсяліць грамадзян. Фізычную зношанасьць будынка ацанілі ў 53 працэнты.

Пакуль з інтэрнату мала хто зьехаў. Жыхары кажуць, што рамантуюць выдзеленае ім новае жытло. Спадзяюцца, што Новы год сустрэнуць у больш камфортных умовах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 15 сотак элітнай зямлі, якую Лукашэнка перадаў Дэпардзьё, стаяць пустыя ФОТА