«Калі нечага баісься — спрабуй». Як «тата ў дэкрэце» гадуе малую Меліціну

Ігар — адзін з трох тысяч беларускіх мужчын, якія «сядзяць у дэкрэце». Даглядае маленькую дачушку Меліціну, пакуль маці на працы. Даведаліся, як гэта ўсё арганізавана.

Ігар — мэнэджэр будаўнічых праектаў, скончыў будаўнічы факультэт БНТУ. Натальля працуе юрысткай у міжнароднай кампаніі, скончыла юрыдычны факультэт БДУ.

«Паставілі ўсіх перад фактам — у дэкрэт ідзе Ігар»

«Вы не паверыце, але ні зьдзіўленьня, ні асуджэньня, што пайшоў у дэкрэт мужчына, не было», — апавядае Ігар. Кажа, што летась у яго на працы здарыўся «бэбі-бум» — у калег нарадзіліся ажно 4 дзяўчынкі.

«Калі хлопчыкі нараджаюцца, кажуць — „да вайны“. Калі дзяўчаткі — нічога ня кажуць. Мы прыдумалі свой варыянт — да будоўлі, — сьмяецца ён. — Хоць я згодны, што пакуль беларускія мужчыны не гатовыя ісьці ў дэкрэт.

Гатовы, можа, адзін са ста — як, дарэчы, і паводле афіцыйнай статыстыкі».

Ігар і Натальля пазнаёміліся яшчэ студэнтамі ў беларускамоўнай інтэрнэт-суполцы, якую Ігар стварыў сам. Пажаніліся, здымалі кватэру ў Менску, а як нарадзілася Меліціна, пераехалі да Ігаравых бацькоў у Фаніпаль, у двухпавярховы катэдж.

Меліціна — імя грэцкае. Бацькі расказваюць, што для дачушкі перабралі амаль 100 імёнаў — расейскія, беларускія, польскія, літоўскія, карэйскія. І спыніліся на Меліціне — у праваслаўі яно даволі пашыранае. Паходзіць ад кораня са значэньнем «пчала, мёд». Выйшла «салодкая» дачушка, «мядовая».

Цяпер Меліціне паўтара года. Увесь дзень Ігар заняты з дачушкай. А начамі робіць рамонт. Пакуль яны хочуць разьдзяліць даволі вялікі дом на дзьве паловы з асобнымі ўваходамі. Праз 5-10 гадоў спадзяюцца займець уласнае жытло.

Жонка Натальля пацьвярджае, што сябры і калегі рашэньне сям’і выправіць «у дэкрэт» тату ўспрынялі спакойна.

«Здаецца, бацькі спачатку не зусім зразумелі, але нам нічога не сказалі. Пэўна, таму, што бабулі і дзядулі самі працуюць і ня могуць нам дапамагчы. Мы зь Ігарам да парадаў ветліва прыслухоўваемся, але прымаем рашэньні самі. Таму паставілі ўсіх перад фактам — у дэкрэт ідзе Ігар», — тлумачыць Натальля.

Гаспадарку маладая сям’я вядзе асобна. Ігар кажа, што гэта заслуга Натальлі, якая ў 17 гадоў паехала вучыцца ў сталіцу і рана прызвычаілася жыць самастойна.

А ў Ігара карэйскія карані. Прадзед, камуніст па перакананьнях, родам з Сахаліну, быў дэпартаваны ва Ўзбэкістан. Але сваіх дзяцей назваў Марксам і Энгельсам. Сын Маркса (будучы Ігараў бацька) паехаў вучыцца ў Маскву, там пазнаёміўся зь беларускай родам з Асіповічаў. Пажаніліся, пераехалі ў Менск, дзе нарадзіўся Ігар.

Статыстыка, на якую спасылаецца Ігар, у Беларусі красамоўная. Прыкладна 3100 мужчын знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку для дагляду за дзіцем. Гэта ўсяго 1%, а 99% дэкрэтніц — жанчыны.

Уласны лужок, пясочніца, арэлі і залацісты рэтрывэр

Пакуль мы размаўляем, Меліціна ўвесь час патрабуе бацькоўскай увагі. Ігар спакойна займае яе нечым цікавым: то Меліціна пералівае ваду з кубка ў кубак, то клеіць у кніжку аплікацыі.

«Для яе важна зараз разьвіцьцё малой маторыкі і вывучэньне новых словаў. Гэта ўсё прыдумана ня мной: трэба толькі пакалупацца ў кніжках, інтэрнэце і пашукаць нейкія маленькія лайфхакі — вось цяпер ёй падабаецца разгортваць і згортваць фанцік, яна будзе занятая гэтым дзьве хвіліны», — кажа бацька.

Ігар прызнаецца, што бацька ён зусім ня строгі.

«Яна ведае словы „нельга“, „не“, але сама кажа „но“. Днямі малявала на шафе — і ўжо паўтарае „но-но“, нібыта разумее, што зрабіла дрэнна», — працягвае ён.

Маладыя бацькі лічаць, што і малым дзецям трэба сацыялізацыя, таму гасьцей у дом запрашаць не баяцца.

«Да году дзеці павінны навучыцца адрозьніваць родных ад чужых. Некаторыя кажуць, што ледзьве не да году нельга, каб дзіця кантактавала з чужымі. Мы так ня лічым. Першы раз мы выбраліся ў горад, калі дзіцяці было два тыдні. Паехалі ў „Пясочніцу“ па бургеры. Я не агітую, што гэта выдатна і правільна, маўляў, усе так рабіце. Мы ўжо двойчы выяжджалі зь Меліцінай за мяжу, праўда, пакуль недалёка — у Літву», — апавядае бацька.

Меліціна добра абыходзіцца з лыжкай, сама есьць і п’е з кубка. Умее абуваць пантофлікі, але на гаршчок сама ня ходзіць, бо ня ўмее пакуль надзець і зьняць штонікі. Бацька кажа, што на гэта трэба патраціць тыдзень.

У дзяўчынкі ёсьць уласныя лужок, пясочніца, арэлі. У доме жыве вялікі сабака — залацісты рэтрывэр Харві.

«Харві вельмі асьцярожна і трапятліва абыходзіцца зь дзяўчынкай. Адны кажуць, што жывёлы ў доме патрэбныя, каб дзеці расьлі добрымі, чулымі. Іншыя кажуць — гэта глісты, поўсьць. Гадаваць дзяцей і сабак трэба на прыродзе, ня ў горадзе. А ў горадзе трэба зарабляць грошы», — перакананы Ігар.

«Бацькоўства — гэта калі ты ўпэўнены, што тваё дзіця шчасьлівае​»

«Да 3-х месяцаў я наагул не пакідала дзіця ні на кога, а пасьля ўжо магла на некалькі гадзін пакінуць на мужа. Я выйшла на працу, калі дзіцяці было 8 месяцаў — спачатку на няпоўную занятасьць, — кажа мама Натальля. — Калі б у мяне цяжарнай запыталіся, ці зьбіраюся я неўзабаве выйсці на працу, я б запярэчыла: „Што вы, што вы! У нас абедзбве бабулі працуюць, няма на каго пакінуць дзіця нават на пару гадзін!“»

Натальля кажа, што зьбіралася быць зь дзіцём столькі, колькі патрэбна. Але абставіны склаліся так, што працадаўцу патрэбны быў спэцыяліст. Перш спрабавалі пакідаць Меліціну зь няняй на паўдня, а мама прыбягала з працы ў абед. Рашэньне, што ў дэкрэт пойдзе тата, было прынята не спантанна, працягвае Ігар.

«Я лічу, што кожны з бацькоў лепшы за чужога чалавека. Бацькоўства — гэта калі ты ведаеш, што для твайго дзіцяці лепш, калі ты ўпэўнены, што тваё дзіця шчасьлівае. Вядома, ты не пасьпееш прачытаць яму некалькі кніжак у дзень, бо трэба і прыбраць, і прыгатаваць, але ў няні чужое дзіця — гэта праца на некалькі гадзін, а бацькі праводзяць зь дзіцём 24/7», — тлумачыць ён.

«Ды я ж прымаў гэтае дзіця! А вы пытаецеся пра страх...»

Пытаньню рубам, ці ня страшна было застацца сам-насам з дачкой не на пару гадзін, а на цэлы дзень, калі і жонка, і бабуля сышлі на працу, Ігар шчыра зьдзівіўся:

«Ды я ж прымаў гэтае дзіця! А вы кажаце пра страх... Было пачуцьцё трывогі ў самую першую ноч, калі дзіця нарадзілася — зусім малое, крохкае, здавалася, ты возьмеш яго і штосьці зламаеш. А цяпер гэта ўжо моцны і вялікі чалавечак», — кажа ён.

Праўда, папярэджвае, што мужчыну «ў дэкрэт» трэба ісьці сьвядома — калі хочацца пабыць зь дзіцём, дапамагчы жонцы, бачыць і адчуваць, як немаўля расьце, сталее.

«Мы зразумелі, што для нашай сям’і зараз гэта найлепшы варыянт. Маем рэсурсы — здароўе, грошы, час. Ты плянуеш, якія рэсурсы табе выгадней патраціць, якія атрымаць», — мяркуе Ігар.

«Быт — гэта зусім не складана, — пераконвае ён. — Прыгатаваць ежу цяпер не праблема. Ёсьць сумесі, кашкі распушчальныя. Ёсьць падгузьнікі».

Цяжэй, калі дзіця ня сьпіць, хварэе ці выбіваецца з рэжыму.

— А былі сытуацыі, калі клікалі на дапамогу, падавалі сыгнал SOS?

Натальля адказвае, што Ігар заўсёды спакойны. Больш панікавала яна.

«Я тэлефанавала: „Ігар, дзіця павалілася, ударылася галавой“. У мяне адразу рэакцыя — выклікаць „хуткую“, паехаць да лекара... А Ігар больш рацыянальна падыходзіць, супакойвае, ніколі не панікуе. Вядома, здараецца, што дзіця хварэе», — кажа Натальля.

Ігар узгадвае сямейную гісторыю, як Меліціну адлучалі ад маміных грудзей.

«Гэта рабілі радыкальна. Параіліся з адмыслоўцамі — нам сказалі, што лепш за ўсё „прыбраць“ на пэўны час маму, каб у дзіцяці не было спакусы прачнуцца ўначы і шукаць маміны грудзі. Таму мы вырашылі, што маці зьездзе на некалькі дзён адпачыць у Рым. Соскі ў нас не было, Меліціна прачыналася ўначы — мамы побач няма, прыціскалася да бацькі і засынала», — распавядае ён.

Тут Натальля зьбіраецца ісьці на працу. Меліціна ўсьміхаецца, разьвітваецца, махае маме ручкай, пасылае «паветраны пацалунак».

Парады татам у дэкрэце ад Ігара

  • Трэба ўсё ўмець і любіць гэтую справу. Калі нечага баісься — спрабуй, а не рабі выгляд, што ня ўмееш. Страшна мяняць падгузьнікі — рабі, гэта нескладана.
  • Трэба часьцей заставацца сам-насам зь дзіцём. Тады разумееш, што можна разьлічваць толькі на сябе, ніхто не дапаможа. Гэта выхоўваецца з часам. У кагосьці адказнасьць выхоўваецца ў войску, у кагосьці — з нараджэньнем дзіцяці. У кагосьці — ніколі.
  • Трэба настройвацца на пазытыў, што ўсё пойдзе выдатна, пераконваеш сябе, што хопіць ведаў, здольнасьцяў.
  • Нельга ператвараць жыцьцё ў нейкія дакоры адзін аднаму. І бацьку ў дэкрэце няпроста, і маме на працы таксама складана, асабліва маральна, бо ўсё адно яна перажывае за дзіця.