З бэнзапілой і «баўгаркай». Як украінскія памежнікі выявілі кантрабанду беларускіх цыгарэт. ВІДЭА

Кантрабандныя цыгарэты ў аўтамабілі. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Украінскія памежнікі выкарысталі бэнзапілу і шліфавальную машыну, каб выявіць схованку з кантрабандай беларускіх цыгарэт у двух грузавых аўтамабілях Scania, якімі кіравалі грамадзяне Беларусі.

Абодва выпадкі адбыліся на ўкраінскім міжнародным пункце пропуску «Дольск» паміж Валынскай і Берасьцейскай абласьцямі. 25 лістапада такім чынам выявілі 27 тысяч пачак цыгарэт на суму 570 тысяч грыўняў (45 тысяч беларускіх рублёў), а 27 лістапада ўначы — 41 тысячу пачак на 920 тысяч грыўняў (73 тысячы беларускіх рублёў).

Відэа Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны ад 25 лістапада

У дачыненьні да грамадзян Беларусі заведзеныя крымінальныя справы паводле артыкулу 204 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — незаконны выраб, захоўваньне, продаж або транспартаваньне для продажу падакцызных тавараў. Беларусам пагражае штраф ад 85 да 170 тысяч грыўняў (ад 7 да 13,6 тысяч беларускіх рублёў). Апроч таго, суд можа сканфіскаваць аўтамабілі, у якіх везьлі кантрабанду.

Відэа Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны ад 27 лістапада

Абодва грузавікі перавозілі какосавае валакно, але ці належалі груз і абодва гэтыя аўтамабілі адной беларускай кампаніі, у Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны не ўдакладняюць.

У кастрычніку ў Валынскай вобласьці зьнішчылі 562 954 пачакі цыгарэт беларускай вытворчасьці, сканфіскаваныя пры спробах іх незаконна ўвезьці на ўкраінскую тэрыторыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне зьнішчаць 11 мільёнаў кантрабандных беларускіх цыгарэт