«Што рабіць, калі нічога нельга?» У Менску прайшоў «Вечар бяз гвалту»

Арганізатары сустрэчы «Вечар бяз гвалту» прапанавалі даслаць паштоўку ў дзяржаўныя ўстановы і расказаць пра хатні гвалт у Беларусі. Самі паштоўкі прысьвечаныя розным сьвятам.

Паводле арганізатарак, менавіта ў сьвяточныя дні больш званкоў на агульнанацыянальную гарачую лінію для ахвяраў хатняга гвалту.

Сустрэча прайшла 3 сьнежня ў Галерэі «Ў».

«Мы прыдумалі гэтую падзею, каб даць магчымасьць людзям пабыць разам, — кажа адна з арганізатарак захаду Аляксандра Савініч. — Падыскутаваць, супольна павіншаваць са сьвятамі міністра, патрыярха, можна маму, можна тату. Але ідэя — распаўсюдзіць інфармацыю пра тое, што гендэрны гвалт існуе і зь ім трэба нешта рабіць. Кожнае сьвята ў Беларусі — гэта і радасьць, і прыкладна ў кожнай трэцяй сям’і адбываецца гвалт».

Аляксандра Савініч

150 паштовак падпісалі цягам шаснаццаці актыўных дзён супраць хатняга гвалту. Гэта ініцыятыва ААН, такія дні праходзяць па ўсім сьвеце з 25 лістапада па 10 сьнежня.

Падпісаньне паштовак

Падзею зладзілі шэсьць ініцыятываў: суполка «Маршыруй, дзетка!», ГА «Беларуская асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчын», ГА «Радзіслава», МГА «Гендэрныя пэрспэктывы», установа «Цэнтар прасоўваньня правоў жанчын — Яе права», Беларуская нацыянальная плятформа Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства.

«Людзі ж не дурныя, яны спрабуюць нешта зрабіць, — кажа наведніца Лера. — Гвалт быў у маёй сям’і. Адзіная дапамога праваахоўных органаў была ў тым, што „буйнага пэрсанажа“ адпраўлялі ў выцьвярэзьнік на пару дзён, і ўсё паўтаралася наноў. Быў адчай, я ня верыла, што нешта можна зьмяніць. А цяпер, калі ўсе пра гэта кажуць, спрабуюць нешта зрабіць, вера абуджаецца».

Налепкі з адрасамі дзяржаўных установаў

У межах «Вечару» прадстаўнічкі цэнтру «Яе права» правялі лекцыю «Гендэрны гвалт — ці гэта толькі пра жанчын?» Лектаркі прывялі цэлы шэраг прыкладаў дыскрымінацыі ў бок мужчын. У тым ліку сьпіс забароненых для жанчын прафэсіяў. Адваротны бок такога сьпісу — цяжкія ўмовы, а часам і прымусовая для мужчын праца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жанчыны паміраюць, дзеці паміраюць, а вы нічога ня робіце з гэтым!» — Чаму Беларусі патрэбны Марш супраць гвалту

«Зараз гвалт — гэта наш брэнд, — кажа наведнік Ігар. — І паштоўкі трэба адпраўляць у першую чаргу ў адміністрацыю прэзыдэнта і ва ўрад. Але я пакуль што не падпісаў паштоўку, бо не магу сфармуляваць пытаньне прэзыдэнту, які сам ёсьць лябістам гвалту».

Зьлева направа: Аляксандра Савініч, Вольга Гарбунова, Ганна Коршун, Тацяна Стрыжэўская, Вольга Янчук

Тут жа прайшла выстава ГА «Радзіслава» «Кожная трэцяя»: частку крэслаў павярнулі ў адваротны бок, да крэслаў прыставілі партрэты жанчын — так ці інакш побач з табой аказваецца ахвяра хатняга гвалту. Каля сьцяны партрэты «жанчын, якія выжылі», і іх асабістыя гісторыі як прыклад таго, што процістаяць гвалту магчыма.

«Мне здаецца, было б добра на той жа Зыбіцкай паставіць стэнды, бо гэта вельмі круты фота- і відэапраект, — кажа наведнік Андрэй. — Яшчэ ў Беларусі, я думаю, дастаткова шмат сядзіць жанчын і мужчын, якія абараняліся ад хатняга гвалту і праходзілі па крымінальным артыкуле. Я б хацеў напісаць паштоўкі тым, хто сядзіць у турме».

Вольга Гарбунова

«Летась было вельмі вялікае чаканьне, што нарэшце ўсе адзін аднаго пачуюць, — кажа Вольга Гарбунова, дырэктарка сацыяльна-культурнай прасторы NORM, былая кіраўнічка ГА „Радзіслава“. — Цяпер я зразумела, што гэта нерэальна. У дзяржаве гвалт нармалізаваны.

Напэўна, цяпер адзінае, чаго можна чакаць, — гэта нарастаньня крытычнай масы, калі паштоўкі пойдуць ня сотнямі, як сёньня, а па дзесяць, па сто тысяч. Асабіста я хачу напісаць толькі двум людзям: мітрапаліту Кандрусевічу і Аляксандру, каторы Лукашэнка. Так, праз тое, што няма лепшых варыянтаў, сёньня мы проста падпісваем паштоўкі, бо гэта яшчэ дазволена. Але што рабіць, калі ў гэтай краіне нічога нельга?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка выказаўся супраць закону аб хатнім гвалце. І расказаў, каго біў са сваіх дзяцей