На Меншчыне знайшлося 47 вакансіяў у выканкамах. Лукашэнка абурыўся

Будынак райвыканкаму ў Вялейцы, ілюстрацыйнае фота

У час нарады з чыноўнікамі Менскай вобласьці 4 сьнежня Аляксандар Лукашэнка загадаў «сур’ёзным чынам навесьці парадак» у кадравай сфэры, піша БелТА.

Паводле зьвестак Лукашэнкі, цяпер толькі ў Менскай вобласьці ёсьць 47 вакансіяў на пасады з «кадравага рэестру» аблвыканкаму і райвыканкамаў, у тым ліку вакансіі намесьнікаў старшыняў, начальнікаў ураўленьняў. І гэта «нягледзячы на наяўнасьць рэзэрву ў 209 чалавек», дадаў ён.

«На які станоўчы вынік можна разьлічваць, калі на дадзеных участках адсутнічаюць кіраўнікі? — абурыўся Лукашэнка. — І навошта вам такі рэзэрв? Трыццаць вакансіяў кіраўнікоў у арганізацыях сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасьці — гэта ўжо падобна да правалу ў кадравай працы».

Ён прывёў у прыклад кампанію «Вілейскі райаграсэрвіс», дзе пасада дырэктара вакантная з 2015 году.

Лукашэнка таксама згадаў, што сёлета 12 кіраўнікоў, зь якіх тры былі «першымі асобамі» раёнаў, былі звольненыя з прычыны «дыскрэдытавальных абставінаў». За пяць гадоў такіх звальненьняў было 69.

«Выканаўчая дысцыпліна ў мясцовых органаў улады, мякка кажучы, кульгае, — дадаў ён. — У параўнаньні зь іншымі дзяржаўнымі органамі — адна з самых нізкіх у краіне. Не выконваецца амаль пятая частка даручэньняў».

Старшыняў выканкамаў Лукашэнка прызначае асабіста. Намесьнікаў жа кіраўнікі выканкамаў прызначаюць самі.

Колькі плацяць у выканкамах?

У выканкамах на кіроўных пасадах адносна высокія заробкі, калі меркаваць па дэклярацыях, што падавалі некаторыя зь іх падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2019 годзе. Так, за 2018 год афіцыйна зарабілі:

  • старшыня Полацкага райвыканкаму Мікалай Шаўчук — 44 337,30 рубля (3694,77 рубля на месяц);
  • намесьніца старшыні Хойніцкага райвыканкаму Ірына Чарняўская — 31 196,14 рубля (2599,67 рубля на месяц);
  • начальніца галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Гомельскага аблвыканкаму Ірына Даўгала — 43 639,94 рубля (3636,66 рубля на месяц).

Зьвесткі пра заробкі кожнага асобнага чыноўніка выканкаму не публікуюцца адкрыта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дом Лукашэнкаў стаў «домам мэра». Як будуецца «сям’я» ў Шклове?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лобзік, штаны, туі, буракі… Экс-кіраўніка Браслаўскага раёну пачалі судзіць за атрыманьне хабару